BE RU EN

Пашыньян узмацняе страхі Лукашэнкі

  • Вячаслаў Коростэнь
  • 9.06.2026, 15:31

Апошнія сатэліты парываюць сувязі з Крамлём.

У Арменіі прайшлі парламенцкія выбары, пераканаўчую перамогу на якіх атрымлівае партыя дзейнага прэм’ера Нікола Пашыньяна. Гэтае волевыяўленне называюць лёсавызначальным, бо незадоўга да яго Ерэван зрабіў стратэгічны разварот у бок Захаду. Такім вынікам галасавання не ўзрадаваліся не толькі ў Крамлі, але і ў Мінску.

7 чэрвеня ў Арменіі галасавалі не проста за новы ўрад — выбіралі вектар далейшага развіцця сваёй краіны. Як і ў Малдове ў верасні 2025-га, пытанне стаяла рубам: вы за еўраінтэграцыю ці за курс у кілвацеры Масквы? Як і ў Малдове, армянскае грамадства вызначылася цвёрда.

Узначальваная Пашыньянам партыя «Грамадзянскі дагавор» набірае амаль 50% галасоў і зможа самастойна сфарміраваць урад. Галоўная апазіцыйная сіла — блок «Моцная Арменія» на чале з прарасійскім бізнэсмэнам Самвелам Карапецянам — паказвае вынік у раёне 23%. На трэцім месцы з паказчыкам каля 10% яшчэ адна апазіцыйная сіла — блок «Арменія» экс-прэзідэнта Роберта Качар’яна.

Падлік галасоў яшчэ працягваецца, але сумневаў у выніках ужо няма. Пашыньян выступіў на прэс-канферэнцыі, заявіўшы пра сваю перамогу. Паводле яго слоў, Арменія працягне рух у бок Еўразвязу.

Пры гэтым прэм’ер-міністр зрабіў традыцыйную прымірэнчую агаворку, арыентаваную на Усход: «Мы таксама працягнем свой удзел і сяброўства ў Еўразійскім эканамічным саюзе, працягнем развіваць адносіны з Расіяй і іншымі краінамі — членамі ЕАЭС».

Наўрад ці гэты рэверанс уразіць каго-небудзь у Крамлі. Там лічаць, што Ерэван адварочваецца ад постсавецкіх інтэграцыйных структур і, вядома, моцна гэтаму не рады. Здаецца, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін «губляе» чарговую краіну на прасторах былога СССР.

Падобныя пачуцці з гэтай нагоды адчувае і моцна прывязаны да Масквы Аляксандр Лукашэнка.

Ерэван не спалохаўся рызык

Доўгі час лічылася, што Арменія занадта ўразлівая перад знешнімі пагрозамі, каб зрабіць разварот на Захад. У краіны няма агульных межаў з дзяржавамі Еўразвязу. Яе атачаюць, мякка кажучы, не надта дружалюбныя Азербайджан і Турцыя, аўтарытарны саюзнік РФ Іран і з некаторага часу даволі прарасійская Грузія.

У 2023 годзе Ерэван канчаткова прайграў Баку бітву за Нагорны Карабах, у выніку чаго спрэчныя тэрыторыі перайшлі да Азербайджана, а ў краіну хлынула больш за 100 тыс. вымушаных перасяленцаў.

Гэта пахіснула ўнутрыпалітычныя пазіцыі Пашыньяна, які разлічваў абараніць карабахскія тэрыторыі з дапамогай АДКБ, але так і не дачакаўся дапамогі. Аднак узрушэнне, як бачым, у выніку пайшло на карысць дзейнай армянскай уладзе, якая цяпер святкуе электаральны трыумф.

У перамогі партыі «Грамадзянскі дагавор» шмат складнікаў, і пра іх найлепш распавядуць армянскія палітолагі. З далёкай беларускай званіцы дастаткова адзначыць толькі некалькі фактараў, што згулялі на руку цяперашняму прэм’еру.

Па-першае, эканоміка Арменіі за апошнія гады зрабіла шырокі крок наперад — дапамаглі, як лічыцца, нейтралітэт у санкцыйнай палітыцы, масавая рэлакацыя ў краіну расійскіх спецыялістаў і капіталу, а таксама інвестыцыі, якія разагналі ўнутраны попыт.

Па-другое, страта Нагорнага Карабаху адкрыла многім вочы на Расію — і, адпаведна, на прамаскоўскіх кандыдатаў на выбарах. Па-трэцяе, менавіта геапалітычны падтэкст — выбар паміж дэмакратычным Захадам і аўтарытарным Усходам — падштурхнуў яўку, забяспечыўшы Пашыньяну эфектны фінішны рывок у гонцы за ўладу.

Нягледзячы на рызыкі, улады ў Ерэване вырашылі адкрыта заявіць пра намер збліжацца з ЕС. Смеласці надала падтрымка заходніх лідараў, уключаючы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Не спалохалі пагрозы Масквы, якая мае не толькі вайсковую базу ў Гюмры, але і магутныя рычагі ўплыву на армянскую эканоміку.

У выніку стаўка спрацавала. Пашыньян назваў сваю перамогу на выбарах «гістарычнай» і паабяцаў краіне развіццё і «працяглы інстытуцыйны мір».

Пуцін забараняў каньяк, «малодшы брат» кідаўся словамі

У Арменіі, скажам шчыра, неідэальная дэмакратыя. Апазіцыя абвінавачвае ўладу ў пераследзе апанентаў, у краіне ўзбуджаюцца крымінальныя справы, у якіх можна ўгледзець палітычны падтэкст; згаданы вышэй лідар «Моцнай Арменіі» Карапецян акурат у дзень выбараў заставаўся пад хатнім арыштам за «заклікі да захопу ўлады».

Мінулым годам падобныя папрокі гучалі і на адрас прэзідэнткі Малдовы Маі Санду. Заснаваная ёю партыя «Дзеянне і салідарнасць» выйграла выбары з вынікам звыш 50% таксама на фоне «падмарозкі» пракрамлёўскіх канкурэнтаў. Аднак на фоне вайны, што палыхае пасярод Еўропы, у рэгіёне быццам існуе пэўны кансэнсус: адносна стаўленікаў Масквы, якая гуляе супраць правілаў, можна дзейнічаць больш жорстка, дэмакратычная будучыня таго вартая.

Тым не менш выбары ў Арменіі і Малдове праводзяцца адкрыта і празрыста, на канкурэнтнай аснове — па такіх стандартах, якія Лукашэнку і Пуціну могуць прысніцца хіба што ў страшным сне. Гэта — між іншым — і не падабаецца кіраўнікам у РФ і Беларусі, якія зусім не дбаюць пра падлік галасоў выбаршчыкаў, а альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на ўладу звыклі ўпакоўваць у турму на сталінскія тэрміны.

У армянскія выбары Крэмль уклаўся традыцыйна: не толькі падтрымліваў апазіцыйныя блокі, але і спрабаваў пахіснуць сітуацыю ўнутры краіны.

Змайстраваўшы на каленцы розныя «фітасанітарныя» падставы, РФ у сваіх найлепшых традыцыях забараніла ўвоз з Арменіі каньякоў, кветак, мінеральнай вады «Джэрмук» і цэлай лінейкі харчовых тавараў. Акрамя гэтага, Пуцін даў зразумець, што Ерэван у выпадку праеўрапейскага выбару можа застацца без танных расійскіх энерганосьбітаў — з-за гэтага краіна нібыта страціць 14% ВУП. І нарэшце гаспадар Крамля ледзь не пагразіў Арменіі вайной, маўляў, «крызіс ва Украіне пачаўся калісьці з спробаў далучэння Украіны да ЕС».

Даўно пасварыўшыся з Пашыньянам Лукашэнка не можа забараніць продаж у Беларусі каньяку «Арарат» — гэта выглядала б смешна і дурна — таму перад выбарамі ў Арменіі ён традыцыйна аказваў «старэйшаму брату» вусную падтрымку. Творча развіваючы пуцінскія думкі, палітык заявіў, маючы на ўвазе магчымы выхад кавказскай краіны з постсавецкіх саюзных структур: «Армянам трэба быць вельмі акуратнымі, <�…> каб, барані божа, не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне».

Пашыньян у завочных дыскусіях з беларускім аўтакратам ужо даўно ў кішэню не лезе. На яго перадвыбарчыя «папярэджанні» армянскі прэм’ер адказаў коратка: «Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам».

Аналагічна ён адхіліў і пагрозы паўтарэння ўкраінскага сцэнару. «Ведаеце, гэта несур’ёзна», — не надта дыпламатычна адмахнуўся кіраўнік армянскага ўрада.

Пашыньян прымае віншаванні, у Мінску захоўваюць маўчанне

Шматлікія эксперты цяпер сыходзяцца на простай думцы: следам за Малдовай з расійскай арбіты сыходзіць і Арменія. Яшчэ ўчора такая сяброўская, што мела сяброўства ў ЕАЭС, АДКБ і СНД. Настолькі залежная, як здавалася, ад пратэкцыі Масквы ў сваім лёгкаўзгаральным рэгіёне.

Вядома, да ЕС Ерэвану яшчэ вельмі далёка. Мала сказаць, што ў краіны сёння няма статусу кандыдата на ўступленне — не прапісаная нават пакрокавая стратэгія руху ў гэтым напрамку. І пра выхад з ЕАЭС пакуль гаворкі не ідзе, як і пра правядзенне адпаведнага рэферэндуму.

Пакуль Пашыньян гаворыць толькі пра далейшыя рэформы дзеля праеўрапейскай будучыні, але і гэтага дастаткова, каб папракаць Расію ў сувязі са стратай чарговага намінальнага саюзніка.

Усё гэта не можа падабацца Лукашэнку. Яго геапалітычная рыторыка на розных рэгіянальных пляцоўках часта зводзіцца да заклікаў «трымацца разам». Маўляў, мы такія добрыя і блізкія, раней сябравалі напралёт у СССР, цяпер трэба грэць адзін аднаго пад парасонам ЕАЭС або СНД. Каму мы патрэбныя ў гэтым вар’яцкім свеце? Перастанем быць у адным акопе, у адным абозе — пракляты «калектыўны Захад» перадушыць нас паасобку.

У Ерэване гэтыя словы ўжо даўно не ўспрымаюцца сур’ёзна. Там цікавей абмяркоўваць з Бруселем увядзенне бязвізу для паездак у Еўразвяз, праводзіць першы ў гісторыі саміт Арменія — ЕС, куды спакойна можна запрасіць не толькі кіраўніцу Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен і прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, але і Святлану Ціханоўскую.

Але самае цікавае, што «аб’яднальныя» наратывы Лукашэнкі наўрад ці моцна ўражваюць і кіраўнікоў іншых краін «Садружнасці». Яны разумеюць, што за словамі мінскага кіраўніка стаіць не столькі настальгія па былой савецкай супольнасці, колькі боязь застацца зусім самотным у сталёвых абдымках Крамля.

У Лукашэнкі альтэрнатыўныя масты спаленыя з 2020-га, тады як іншыя былыя рэспублікі захоўваюць дастаткова прасторы для розных геапалітычных манеўраў. Гэта прастора яны берагуць. Нядзіўна, што на нядаўні парад у Маскву з нагоды 9 Мая, акрамя беларускага кіраўніка, даехалі толькі прэзідэнты Казахстана Касым-Жамарт Такаеў і Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. Ды і то ў першапачатковых спісах удзельнікаў іх не было.

Такаеў ужо павіншаваў Пашыньяна з перамогай на выбарах. Мірзіёеў, відаць, зробіць гэта пазней. Вынікі выбараў у Арменіі віталі лідары ЕС і еўрапейскіх краін, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і іншыя легітымныя палітыкі.

Лукашэнка і Пуцін пакуль маўчаць.

Вячаслаў Коростэнь, «Позірк»

Апошнія навіны