BE RU EN

Што прынясе Беларусі наймацнейшы за 140 гадоў супер-Эль-Ніньё?

  • 9.06.2026, 15:51

Тлумачыць кліматолаг.

Метеаролагі і кліматолагі папярэджваюць, што ў 2026–2027 гадах можа здарыцца наймацнейшы за апошнія 140 гадоў супер-Эль-Ніньё, які прынясе павышэнне тэмпературы паверхні акіяна, а разам з тым — нестабільнае надвор'е і экстрэмальныя кліматычныя з'явы. Што гэта такое, адкуль бярэцца, якую небяспеку нясе, як да яго падрыхтавацца і якія наступствы ён будзе мець для Беларусі? У размове з «Белсатам» тлумачыць кандыдат геаграфічных навук, кліматычны эксперт, прадстаўніца альянсу «Зялёная Беларусь» Ганна Скрыган.

У чым сутнасць Эль-Ніньё?

Эль-Ніньё — гэта глабальная кліматычная з'ява, пры якой тэмпература павярхоўнага слоя вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяну анамальна павышаецца. Гэта парушае звыклыя атмасферныя цячэнні і правакауе рэзкія змены надвор'я (засухі, паводкі і тэмпературныя рэкорды) па ўсёй планеце.

Гэта перыядычны працэс (узнікае раз на 2–7 гадоў, цягнецца ад дзевяці да 12 месяцаў) у акіяне, звязаны з асаблівасцямі цыркуляцыі вады ў ім, тлумачыць Ганна Скрыган. Пачынаецца ён звычайна ад берагоў Паўднёвай Амерыкі. Там дзьмуць вятры трапічных шырот, якія называюцца «пасатамі». У Ціхім акіяне яны дзьмуць ад Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі ў бок Азіі.

«Назіраецца такое з'ява, як згон вады — вецер перамяшчае павярхоўныя воды. Тады атрымліваецца, што каля берагоў Паўднёвай Амерыкі вады быццам становіцца меней. Гэтая сітуацыя спрыяе таму, што з глыбіняў вада падымаецца на паверхню — гэта з'ява называецца «апвелінг». Вада на глыбіні халодная ў параўнанні з паверхняй. І таму каля берагоў Паўднёвай Амерыкі ў норме існуе халодная перауанская плынь. Яна не дазваляе выпадаць дажджам у пустыні Атакама і дазваляе збіраць велізарныя ўловы перуанскага анчоўса, бо халодная вада багатая кіслародам, што спрыяе размнажэнню рыбы», — тлумачыць экспертка.

Павярхоўная цёплая вада пасатамі прыціскаецца да берагоў Азіі і там назапашваецца на працягу некалькіх гадоў.

«Як пуховая коўдра збіраецца арэал гэтай цёплай вады. Ён становіцца больш у глыбіню і ўшыр, а раз на некалькі гадоў адбываецца перазапуск гэтай сістэмы — калі пасаты заціхаюць і цёплая вада перастае перамяшчацца ад Паўднёвай Амерыкі да Азіі. Тады халодныя плыні знікаюць — халоднай вадзе няма сэнсу падымацца ўверх, бо цёплая не здуваецца. І вось гэты момант, калі гэта халодная перауанская плынь знікае, называецца Эль-Ніньё», — кажа кліматолаг.

Што прынеслі папярэднія супер-Эль-Ніньё?

Гэта звычайна адбываецца пад Каляды. Там, дзе вада звычайна халодная, яна становіцца цёплай. У бязводнай пустыні Атакама выпадаюць дажджы. Гіне рыба — той жа перуанскі анчоўс, бо ён адчувальны да тэмпературы і фактычна не пераносіць цёплую ваду. Яго ўловы рэзка падаюць. Калі звычайна вылоўліваюць 8–9 млн тон, то ў год Эль-Ніньё — толькі 2 млн тон.

«Зацішэнне пасатаў рыкошэтам уплывае на ўсю зямную сістэму, і тады цягам наступнага года па ўсёй планеце назіраюцца розныя анамаліі. У Сахары пачынаюць выпадаць дажджы, дзесьці, наадварот, з'яўляюцца рэзкія тайфуны, дзесьці — засуха. Надвор'е становіцца анамальным», — кажа экспертка.

Супер-Эль-Ніньё ўзнікае, калі тэмпература паверхні ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяну становіцца анамальна высокай, вышэйшай, чым падчас звычайнага Эль-Ніньё. Так бывае раз на 10–20 гадоў.

Магутныя супер-Эль-Ніньё адбываліся ў 1982–1983, 1997–1998 і 2015–2016 гадах.

Супер-Эль-Ніньё выклікаюць:

паводкі ў Перу і Эквадоры;

моцныя засухі ў Інданезіі і Аўстраліі;

неўраджаі ў шэрагу краін;

масавае абясцвечванне каралаў;

рэкардна высокія глабальныя тэмпературы.

Напрыклад, Эль-Ніньё 1997–1998 гадоў выклікаў маштабныя паводкі на ціхаакіянскім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі. Яго лічаць адной з найбольш разбуральных кліматычных падзей ХХ стагоддзя.

Супер-Эль-Ніньё 2015–2016 гадоў прывёў да беспрэцэдэнтнага павышэння глабальнай тэмпературы, справакаваў рэкордныя хвалі спёкі, маштабныя засухі, неўраджаі і лясныя пажары ў адных рэгіёнах, а таксама разбуральныя ліўні і паводкі — у іншых. 2016 год быў прызнаны адным з найгарачэйшых у гісторыі метэаназіранняў.

Супер-Эль-Ніньё 2026–2027 гадоў можа стаць яшчэ больш магутным.

Эль-Ніньё і глабальнае пацяпленне

Ганна Скрыган параўноўвае Эль-Ніньё з вентылятарам:

«Уявіце, што Ціхі акіян — гэта велізарны пакой. А пасярэдзіне стаіць вентылятар. Вентылятар працуе — цяпло ў Азіі, холад у Амерыцы, рыбаловы ў Перу задаволеныя. Гэта норма. Вентылятар на максімуме — цяпло назапашваецца, як каля батарэі. Гэта Ла-Нінья. Вентылятар зламаўся — батарэя разраджаецца. Цяпло вырываецца ў атмасферу. Рэкорды тэмператур. Засухі. Паводкі. Гэта Эль-Ніньё».

Важны нюанс, пра які мала гавораць, — кожны наступны Эль-Ніньё разраджае «батарэю» пры больш высокай глабальнай тэмпературы, заўважае экспертка. Планку падымаюць кліматычныя змены.

«Сам па сабе Эль-Ніньё не вінаваты ў кліматычным крызісе — ён проста ўзмацняе тое, што ўжо ёсць. Менавіта таму супер-Эль-Ніньё 2026 года можа стаць наймацнейшым за 140 гадоў. Яго амплітуда будзе спачатку высокай. Акрамя таго, карыстаючыся эканамічным тэрмінам, ён “накладваецца на высокую базу” — на перагрэтую ваду акіяна, — кажа Скрыган. Тэмпература халоднай плыні цяпер вышэйшая, чым павінна быць у норме. Эль-Ніньё вызваляе велізарную колькасць цеплыні з акіяна ў атмасферу. І калі гэта адбываецца на фоне клімату, які ўжо пацяплеў, наступствы могуць быць сапраўды маштабнымі і непрадказальнымі».

Паводле дадзеных Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, Эль-Ніньё сёлета, хутчэй за ўсё, сфармуецца летам — у чэрвені–жніўні (80%) і на 90% будзе захоўвацца да канца года. Большасць мадэляў паказваюць, што пік прыйдзецца на восень і пачатак зімы ў Паўночным паўшар'і — з верасня па снежань 2026 года.

Найбольш прыкметныя наступствы для глабальнай тэмпературы выявяцца не сёлета, а праз некалькі месяцаў, і асноўны кліматычны эфект прыйдзецца на 2027 год.

Кліматолагі і метеаролагі непакояцца, што ўплыў гэтага супер-Эль-Ніньё можа быць мацнейшы, чым раней, бо тэмпература паверхні ва ўсходняй частцы Ціхага акіяну ўжо як мінімум на 1,5°С вышэйшая за сярэднюю, а сярэдняя тэмпература сушы вышэйшая на 1,3°С у параўнанні з даіндустрыяльнай эпохай.

Падчас супер-Эль-Ніньё 1997–1998 гадоў наша планета была прыкладна на 0,4–0,5°С халаднейшая, чым сёння. Таму цяпер такі самы Эль-Ніньё, як у 1997 годзе, можа мець больш сур'ёзныя наступствы, бо стартавая тэмпературная кропка ўжо вышэйшая.

Чаго чакаць у Беларусі?

Паколькі Эль-Ніньё ўплывае на ўсю планету, ён закране і Беларусь, падкрэслівае Скрыган.

Ужо на пачатку года можна было ўбачыць, што змяняецца зімовая цыркуляцыя атмасферы, і арктычнаму паветру становіцца лягчэй трапляць у нашу краіну. Вясна была занадта сухой. Нягледзячы на вялікую колькасць снегу зімой, рэкі і азёры ўсё роўна недалічыліся вады. Наступнага года, паводле слоў эксперткі, можна будзе ўбачыць паглыбленне вясновай засухі праз недахоп ападкаў.

Паводле яе слоў, чэрвень у Беларусі выдаўся даволі тыповым — з прахалодай і дажджамі.

Хоць беларускія сіноптыкі абяцалі, што першы летні месяц сёлета будзе цяплейшы за норму.

Паводле прагнозу, які даў сіноптык Дзмітрый Рябоў, у чэрвені сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 1–2 градусы вышэйшая за кліматычную норму, якая складае ад +15°С на паўночным захадзе краіны да +18°С на паўднёвым усходзе. Гэта амаль на 4°С вышэй, чым у маі. Чэрвень абяцае дзённую тэмпературу ад +20°С да +25°С цяпла, а ў асобныя дні нават да +26–30°С.

А ўжо ў ліпені нас могуць чакаць хвалі спёкі і, магчыма, непрадказальныя і экстрэмальныя з'явы надвор'я.

Ведаючы пра ўплыў Эль-Ніньё на сусветны клімат, да наступстваў можна падрыхтавацца, кажа Скрыган. Напрыклад, на выпадак засухі можна мець на дачных участках ёмістасці для збору вады ў перыяд дажджоў.

«Калі гаварыць у маштабах краіны, варта мяняць структуру пасевных плошчаў, чаргаваць сельскагаспадарчыя культуры. Напрыклад, паводле прагнозаў польскіх спецыялістаў, гідралагічная суша ўдарыць па ўраджаі ягадавых культур. У Польшчы гэта закране перадусім вырошчванне галубікі і трускалак. Падобнага можна чакаць і ў Беларусі і ўжо загадзя прымаць меры — апрацоўваць трускалкі каліем, напрыклад, што дапаможа захаваць ураджай, нягледзячы на засуху і спёку, у якой гэтай ягады давядзецца паспяваць», — тлумачыць суразмоўніца «Белсата».

Пік анамалій надвор'я прыйдзецца на 2027 год, бо свайго максімуму Эль-Ніньё дасягне напрыканцы снежня — пад каталіцкія Каляды. Гэта можа выклікаць цёплую зіму, аднак Скрыган падкрэслівае, што цяпер дакладна гэта прадказаць немагчыма:

«Увогуле прагнозы далей чым на сем тыдняў наперад не маюць сэнсу. Іх верагоднасць вельмі нізкая. Улічваючы тое, як цяпер ламаецца кліматычная сістэма і якія незваротныя працэсы ў ёй адбываюцца, усё, што цяпер можна з упэўненасцю сказаць, — што надвор'е абсалютна непрадказальнае і можа быць што заўгодна», — падсумоўвае кліматолаг.

Апошнія навіны