Лаўроў заявіў, што Расія будзе працягваць вайну
- 10.07.2026, 0:00
Кіраўнік МЗС РФ лічыць, што расіяне будуць ваяваць да дасягнення мэт, пастаўленых Пуціным.
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква працягне вайну супраць Украіны да дасягнення мэт, пастаўленых Уладзімірам Пуціным у чэрвені 2024 года, — тады Пуцін фактычна казаў пра поўную капітуляцыю Кіева. «Прэзідэнт дакладна пацвердзіў, што мы будзем працягваць дасягненне мэт, якія былі пастаўленыя яшчэ ў чэрвені 2024 года падчас выступлення Уладзіміра Пуціна ў Міністэрстве замежных спраў», — падкрэсліў Лаўроў на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніцай МЗС Мазамбіка Марыяй Лукаш (відэа апублікаваў МЗС Расіі).
У 2024 годзе падчас выступлення, пра якое згадаў Лаўроў, Пуцін патрабаваў вываду ўкраінскіх войскаў з усёй тэрыторыі Данецкіх, Луганскіх, Запарожскіх і Херсонскіх абласцей, якія Расія так і не здолела захапіць, прызнання гэтых рэгіёнаў і Крыму расійскімі, адмову Украіны ад уступлення ў НАТА, а таксама «дэмілітарызацыі» і «дэнацыфікацыі» Украіны. Пуцін сцвярджаў, што пасля выканання гэтых умоў «неадкладна» аддасць загад аб спыненні агню.
Лаўроў таксама абвінаваціў заходнія краіны ў тым, што яны, «імітаваўшы гатоўнасць да перамоваў», перайшлі да адкрытых ультыматумаў у адрас Расіі. Паводле яго слоў, усе раней дасягнутыя дамоўленасці — у 2014, 2015, 2019 і нават у 2022 годзе — былі знішчаны самім Захадам, у сувязі з чым «запас добразычлівасці і надзей» у Масквы «вычарпаны канчаткова». Міністр падкрэсліў, што Расія больш не будзе верыць заходнім гарантыям.
У чэрвені 2024 года Пуцін, акрамя капітуляцыі Украіны, таксама патрабаваў скасавання ўсіх заходніх санкцый супраць Расіі і пагражаў, што калі Кіеў і Захад адмовяцца ад гэтых умоў, то «рэаліі на зямлі будуць змяняцца, і ўмовы для перамоваў будуць іншымі».