«А хто гэтая Крэмбрюле?»
- 10.07.2026, 8:41
Берасцейцы абмяркоўваюць хэдлайнера канцэрта на Дзень горада.
У Брэсце абвясцілі хэдлайнера канцэрта на Дзень горада. 25 ліпеня на пляцоўцы каля Палаца водных відаў спорту выступіць Мары Краймбрэры — расійская спявачка ўкраінскага паходжання, якая пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны публічна яе не асудзіла і працягнула выступаць у Расіі і Беларусі. Частка берасцейцаў навіну падтрымала, але многія сустрэлі афішу жартамі, раздражненнем і пытаннем: чаму калісьці ў Брэст прыязджалі Акіян Эльзы, Бі-2 і ДДТ, а цяпер горад зноў кліча чарговую расійскую поп-выканаўцу, піша BGmedia.
Што вядома пра канцэрт на Дзень горада
Дзень горада ў Брэсце адзначаць 25 ліпеня. Адной з галоўных падзей стане вялікі канцэрт пад адкрытым небам каля Палаца водных відаў спорту на вуліцы Маскоўскай, 149. Уваход на пляцоўку абяцаюць свабодны.
Галоўнай госцяй святочнай праграмы заяўленая Мары Краймбрэры. Арганізатары называюць яе папулярнай расійскай выканаўцай і лаўрэаткай музычных прэмій. У праграме абяцаюць яе хіты «Акіян», «Мне так пашанцавала» і «Хавалася ў ваннай».
Гараджанам абяцаюць «маштабнае светлавое шоу», жывы гук і атмасферу летняга свята. Дакладны час пачатку канцэрта арганізатары павінны абвясціць пазней у фінальнай афішы.
Паводле афіцыйных анонсаў, выступ Мары Краймбрэры павінен стаць адной з самых масавых культурных падзей гэтага лета ў Брэсце. Але ў каментарыях навіна хутка ператварылася ў спрэчку не толькі пра музыку, але і пра тое, каго цяпер увогуле могуць прывезці ў Беларусь на гарадское свята.
Частка берасцейцаў прызналася, што ўвогуле не ведае, хто такая Мары Краймбрэры:
«Ура! А хто гэта?»
«А хто гэтая такая, ведаць не ведаю».
«А хто гэта? Калі шчыра, першы раз чую. Хтосьці з замежных артыстаў?»
Іншыя адразу пачалі жартаваць з псеўданіма спявачкі:
«А хто гэтая Крэмбрюле? Будуць раздаваць марожанае?»
«Вось, ужо не адна я яе называю Крэмбрюле».
«Так, кампанія «Брэсцкае марожанае» будзе раздаваць. Гэта іхняя навінка — КраймБрюры».
«Ад каго яна хавалася ў ваннай? Чаму?»
«Сапраўднае прозвішча — Жадан, я думаў, што горш».
Многія ўспомнілі, якія артысты раней прыязджалі ў Брэст:
«Мда… У маёй маладосці ў Брэст на Дзень горада прыязджалі Акіян Эльзы, Бі-2 і ДДТ. Вось гэта было а*уенна!»
«Калісьці на Баравой і Армін ван Бюрэн выступаў, Tiesto, David Guetta і іншыя. Ні халеры сабе артысты. Але гэта было. Цяпер моладзь у Беларусі моцна абмежаваная ў магчымасці хадзіць на драйвовыя выступленні сусветных артыстаў. Такі сабе час…»
«Дажыліся. 10–15 гадоў таму на разагрэве былі больш вядомыя артысты, а пра хэдлайнераў увогуле маўчу».
Частка карыстальнікаў сацсетак прапаноўвала іншых артыстаў:
«А дзе Макс Корж, Міхалок, Стыльскі? Нават упэўнены, што яны б выступілі бясплатна. Раней нават Шаўчук у Брэсце спяваў, а цяпер нічога».
«Я б хацела, каб прыехалі Бі-2. А яе я нешта недалюбліваю».
«А чаму не паклікаць Ігара Корнелюка? У Брэсце яшчэ ёсць гурты «Сразу Май» або гурт Уладзіміра Клявіна. Нашым людзям трэба даваць магчымасць выступаць».
«Ммм, а слаба Metallica запрасіць? Усім 100% зайдзе, і гасцей у горад з гэтай нагоды прыедзе многа».