BE RU EN

ЕС дазволіць Украіне набываць брытанскую зброю за кошт крэдыту на 60 млрд еўра

  • 10.07.2026, 18:19

Канчатковая дамоўленасць паміж Бруселем і Лонданам была дасягнутая на палях саміту НАТА.

Еўрапейскі саюз блізкі да пагаднення, якое дазволіць Украіне выкарыстоўваць прадастаўлены ЕС крэдыт у 60 млрд еўра для закупу брытанскага ўзбраення. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы. Паводле выдання, перамовы паміж Бруселем і Лонданам вяліся некалькі месяцаў, а канчатковая дамоўленасць была ў асноўным дасягнутая на палях саміту НАТА ў Анкары. Абвяшчэнне аб пачатку праграмы можа прагучаць ужо ў панядзелак, 13 ліпеня, на сустрэчы «кааліцыі ахвотных» у Парыжы, арганізаванай Вялікабрытаніяй і Францыяй. Чакаецца, што ў ёй возьме ўдзел старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, пацвердзіла яе прэс-сакратарка Паўла Пінью.

Паводле крыніц агенцтва, Вялікабрытанія не будзе плаціць фіксаваны ўнёсак за доступ да праграмы — замест гэтага ўрад Вялікабрытаніі будзе рабіць фінансавы ўклад па меры таго, як Украіна будзе выкарыстоўваць крэдыт для закупаў у брытанскіх кампаній. Памер унёску будзе вызначацца коштам кожнага кантракту і працэнтнымі выдаткамі.

Гэтаму пагадненню папярэднічаў правал перамоў аб далучэнні Вялікабрытаніі да абарончага фонду ЕС SAFE (150 млрд еўра) — здзелка сарвалася з-за патрабавання Бруселя ўвесці плату за доступ для Лондана. Брытанскія чыноўнікі, як адзначае Bloomberg, усклалі віну на Францыю.

Перамовы наконт украінскага крэдыту, наадварот, прасоўваліся значна больш гладна, у тым ліку дзякуючы актыўнай пазіцыі Нідэрландаў, якія настойвалі на як мага хутчэйшым заключэнні здзелкі. У ЕС прызнаюць, што пагадненне спрашчуе для Украіны закупы брытанскай зброі і будзе спрыяць далейшай інтэграцыі абарончых галін дзвюх краін.

Еўрапейскія дыпламаты адзначаюць, што Украіна ў апошнія месяцы атрымала тактычную перавагу над Расіяй, паспяхова наносячы ўдары па крытычна важнай інфраструктуры, і цяпер саюзнікі маюць намер умацаваць яе ўдарныя магчымасці і сістэмы ППА да наступу зімы на тле жорсткіх расійскіх атак на Кіеў.

Апошнія навіны