BE RU EN

Расіяне рэзка павялічылі скупку замежнай нерухомасці

  • 10.07.2026, 23:31

Грамадзяне РФ асцерагаюцца мабілізацыі.

Расіяне ў 2026 годзе пасля некалькіх гадоў паўзы зноў пачалі цікавіцца набыццём нерухомасці за мяжой.

У першай палове года попыт на замежнае жыллё падскочыў на 20% у параўнанні з другім паўгоддзем 2025-га, паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на даныя сэрвісу Prian.ru. Калі ўлічваць запыты з-за мяжы (у тым ліку звароты праз VPN), павелічэнне склала 25% да папярэдняга паўгоддзя і 20% у гадавым вымярэнні.

«Напружаная геапалітычная сітуацыя прымушае частку пакупнікоў актыўней шукаць запасны аэрадром», — адзначае вядучы аналітык Prian.ru Філіп Бярозін: надзеі грамадства на заключэнне міру з дапамогай Дональда Трампа не спраўдзіліся, украінскія беспілотнікі атакуюць расійскія гарады, у краіне блакуюць інтэрнэт і мэсэнджары, а таксама ўсё часцей пачалі з’яўляцца чуткі пра магчымую мабілізацыю.

Паводле z-каналаў Крэмль можа пайсці на яе ў кастрычніку, пасля выбараў у Дзярждуму. Крыніцы «Версткі» і «Важных историй» заяўлялі, што Мінабароны нібыта ўжо рыхтуе палігоны, каб прыняць навабранцаў, а адказным за папаўненне арміі ўжо дадзены загад рыхтавацца.

Паводле слоў крыніц Reuters, блізкіх да Крэмля, прэзідэнт Уладзімір Пуцін рыхтуецца да эскалацыі баявых дзеянняў у адказ на ўкраінскія атакі. І заходнія ваенныя аналітыкі не выключаюць, што ён пойдзе на масавы прызыў людзей у войска.

Расіяне актыўна скуповалі замежную нерухомасць у 2022–23 гадах і шукалі магчымасць вываду грошай за мяжу, але пасля наступіла паўза, распавядае Бярозкін. Цяпер жа зноў цікавяцца не столькі эміграцыяй тут і цяпер, колькі магчымасцю выехаць з краіны ў перспектыве, падкрэслівае ён.

Павялічваецца колькасць здзелак з аб’ектамі за мяжой, якія людзі набываюць менавіта для ўласнага пражвання, падкрэслівае дырэктар дэпартамента замежнай і курортнай нерухомасці NF Group Ганна Ларына. Напрыклад, попыт на нерухомасць у Грузіі падвоіўся, а ў Грэцыі і на Кіпры — вырас на 46% і 63% у параўнанні з мінулым годам.

Паводле даных Prian, лідарамі па запытах у студзені–чэрвені сярод расіян былі Турцыя, ААЭ і Тайланд. Пры гэтым у Эміратах расіяне працягваюць купляць нерухомасць, нягледзячы на вайну ў Іране. У краіне з’явіліся прапановы са зніжкамі, што выклікала высокую зацікаўленасць пакупнікоў, адзначае Бярозкін.

Апошнія навіны