У Ружанах знойдзеныя дзве вежы замка Сапегаў
- 13.07.2026, 14:28
У вуглавой вежы знаходзіўся кабінет канцлера ВКЛ.
Археолагі на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу раскопалі дзве вежы першапачатковага замка Сапегаў канца XVI — пачатку XVII стагоддзя, паведамілі БелТА ў аддзеле культуры Пружанскага райвыканкама.
Археолагі раскопалі вуглавую (паўночна-усходнюю) і паўднёвую (цэнтральную) вежы.
«Вуглавая вежа была раскопана раней. Археалагічныя работы там вяліся, каб не памыліцца, у 1990‑я гады. Сёлета было прынята рашэнне раскопаць вежу для дэталёвага вывучэння яе канструкцыі, — распавяла начальніца аддзела культуры райвыканкама Алена Кубарко. — Паўднёвую вежу знайшлі выпадкова. Па чарцяжах мы пра яе ведалі. А летась рэстаўратары расчышчалі фундамент і наткнуліся на мур. Паводле чарцяжоў Бекера (нямецкі архітэктар Ян Самуэль Бекер у сярэдзіне XVIII стагоддзя перабудоўваў замак Сапегаў у палацавы комплекс. — Заўв. БелТА) мы пачалі шукаць абрысы, каб знайсці доказы, што гэта вежа. Знайшлі куты, інфармацыю перадалі археолагам».
Сёлета археолагі ўзяліся за працу і адкапалі фундамент паўднёвай вежы. Дзякуючы гэтаму пацвердзіліся звесткі, што ў замка Льва Сапегі было тры вежы.
«Трэцяя — заходняя. Яе Бекер не разбураў. А дзве былі разбураныя пры перабудове замка ў палацавы комплекс. Заходняя вежа ўвайшла ў агульны ансамбль галоўнага корпуса. Яе рэстаўратары таксама расчысцілі, знайшлі ўваход у падвалы і вінтавую лесвіцу. Мы знайшлі шмат адказаў на загадкі, якія пакінуў замак. Перакананыя, што і наперадзе нас чакае яшчэ вельмі шмат адкрыццяў», — лічыць Алена Кубарко.
Прызначэнне вежаў прыблізна вядома па інвентарных апісаннях.
Напрыклад, у вуглавой вежы знаходзіўся кабінет Льва Сапегі, у паўднёвай — капліца. Вежы мелі абарончы характар, як і ўвесь замак.
Верагодна, галоўны корпус будзе музеіфікаваны. Для гэтага спецыялістам трэба разумець, як яго прыстасаваць пад турыстычныя патрэбы, праводзіць там паўнавартасныя экскурсіі.
«Рашэнне плануюць прыняць да канца года, пасля заканчэння раскопак і правядзення абследаванняў. Будзем бачыць, з чым давядзецца працаваць, што можам з гэтага зрабіць, і тады ўжо распрацоўваць канцэпцыю. Адкроецца магчымасць прагуляцца па тэрыторыі галоўнага корпуса і ўявіць, як тут усё было насамрэч», — падсумавала Алена Кубарко.