BE RU EN

Агаворка па Фрэйду

  • Аляксандр Класкоўскі
  • 15.07.2026, 8:14

Эліту нацыі не заменіш.

Шухратбек Абдурахманаў, хакім Андыжанскай вобласці, «дакладвае разам з віцебскім калегам Аляксандрам Рагожнікам», — паведаміў 14 ліпеня неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам прыдворная прэса паспяшалася запісаць узбекскага чыноўніка ў вертыкаль беларускага кіраўніка.

Зразумела, што насамрэч Абдурахманаў не падпарадкоўваецца Лукашэнку, хоць той і пачаў панібрацкі «тыкаць» кіраўніку Андыжанскай вобласці.

Але справа ў тым, што Мінск і Ташкент узяліся цесна супрацоўнічаць, у тым ліку ў сферы працоўнай міграцыі.

Таму не дзіўна, што кіраўнік Беларусі запрасіў у Аршанскі раён госця з Узбекістана. Адной з тэм было прыцягненне адтуль працоўнай сілы, перадусім у сельскую гаспадарку.

«У нас у вёсках ёсць больш-менш нармальнае жыллё. Разам прывядзём у парадак. <…> Вашы дзеткі — у дзіцячы сад, школу — на тых жа ўмовах, што і беларусы», — агітаваў Лукашэнка.

Ён заклікаў Абдурахманава звярнуць увагу і на паўднёвы ўсход Магілёўшчыны, дзе таксама патрэбныя людзі.

Дадамо: кадравы голад, асабліва на вёсцы, у Беларусі практычна паўсюдны.

Агаворка па Фрэйду: «Перш чым пакістанцы…»

Як паведамляюць дзяржСМІ, грамадзян Узбекістана плануюць прыцягваць не толькі ў сельскую гаспадарку, але і ў будаўніцтва, прамысловасць, сферу паслуг, а таксама ў якасці малодшага медыцынскага персаналу.

Напярэдадні на Віцебшчыну прыбылі 250 узбекаў, усіх размеркавалі. Дадаткова дамовіліся пра прыезд яшчэ 5 тыс. чалавек з Андыжанскай вобласці. Яны пачнуць прыбываць групамі па 500 з верасня.

Такім чынам пайшоў працэс, пра які кіраўнік Беларусі нядаўна дамовіўся ў Мінску з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.

Падчас візіту ўзначаленай ім дэлегацыі ўрады дзвюх краін падпісалі пагадненне аб арганізаваным наборы і працаўладкаванні грамадзян Рэспублікі Узбекістан для ажыццяўлення часовай працоўнай дзейнасці ў Беларусі.

9 ліпеня Лукашэнка пераконваў Мірзіёева і яго світу: «У нас узбекаў любяць. Перш чым пакістанцы… Хачу, каб вашы людзі да нас прыязджалі сем’ямі».

Агаворка наконт пакістанцаў — па Фрэйду. У красавіку мінулага года па выніках перамоў у Мінску з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам Лукашэнка агаломшыў грамадскасць намерам запрасіць 100–150 тысяч гастарбайтараў з гэтай азіяцкай дзяржавы.

Нават у запалоханай рэпрэсіямі Беларусі такая навіна выклікала фурор у сацыяльных сетках. Грамадзян збянтэжыла перспектыва прытоку вялікай масы людзей з вельмі іншым культурным кодам, да таго ж з няблагополучнай краіны.

Лукашэнка быў вымушаны нязграбна апраўдвацца: маўляў, мы ж клічам не абы каго, а спецыялістаў. Паралельна сілавікі пачалі лавіць «распальшчыкаў міжнацыянальнай варожасці».

Але ў выніку з гэтай задумкі выйшаў пшык (што і прагназаваў яшчэ летась эканамічны аглядальнік «Позірку» Алесь Гудыя). Прычым можна меркаваць, што самі пакістанцы не надта клюнулі на беларускія заробкі.

Ва ўсякім разе, паводле даных МУС Беларусі, за 2025 год у краіну прыехаў працаваць толькі 561 грамадзянін Пакістана.

Пры гэтым міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у маі бягучага года паведаміў, што ў Беларусі знаходзяцца толькі 324 мігранты з Пакістана. То бок можна меркаваць, што нават з сціплай колькасці прыбылых засталіся не ўсе.

Тым часам толькі за першыя шэсць месяцаў 2026-га ў краіну прыбылі 13 555 працоўных мігрантаў з Туркменістана, 2547 — з Узбекістана.

Кіраўнік абяцае не прымаць абы каго

Пракалоўшыся з пакістанцамі, беларускія ўлады, відаць, вырашылі рабіць стаўку менавіта на ўзбекаў.

Тут некалькі меркаванняў. Гэтая нацыя вядомая сваёй працавітасцю. Ад Савецкага Саюза яшчэ засталіся пэўныя ўспаміны пра «сям’ю народаў» ды адноснае веданне рускай мовы.

Да таго ж Узбекістан густанаселены («Вам няма куды людзей дзяваць», — выказаўся Лукашэнка), там шмат моладзі, працы хапае далёка не ўсім. А ў Беларусі, наадварот, дэмаграфічная яма.

Таму ў бакоў тут узаемная зацікаўленасць. Пры тым гаворка ідзе пра арганізаваны міждзяржаўны набор работнікаў пад патрэбы беларускіх прадпрыемстваў.

«Парадак павінен быць. Не павінна быць чохам. Таму — выбарачна, мэтава», — падкрэслівае Лукашэнка, напэўна разлічваючы апрыёры супакоіць суайчыннікаў, непрывычных да мноства чужаземцаў.

Эліту нацыі не заменіш

Палітычныя праціўнікі рэжыму рэагуюць на гэтую тэму ў асноўным так: нязручных беларусаў выгнаў, а цяпер шукае работнікаў за трыдзевяць зямель.

Вядома, жорсткае падаўленне пратэстаў 2020 года прывяло да зыходу з краіны велізарнай колькасці людзей працаздольнага ўзросту. Але, паклаўшы руку на сэрца, спісваць праблему дэфіцыту працоўных рук толькі на спецыфіку рэжыму не зусім правільна.

Падобныя праблемы на рынку працы даўно маюць і дэмакратыі Еўропы. У адносна развітым грамадстве нараджаюць менш. Таму Стары Свет даўно выкарыстоўвае працу мігрантаў.

Іншая справа, што іх прыток нарадзіў там вострыя праблемы. Але гэта асобная тэма, і Беларусі, дзе жыхароў з рэзка адрозным цывілізацыйным кодам пакуль няшмат, да гэтага яшчэ далёка.

Варта таксама адзначыць, што пасля 2020 года краіну пакідалі перш за ўсё кваліфікаваныя спецыялісты, высокаадукаваныя людзі: дактары, айцішнікі, прадпрымальнікі, творчая інтэлігенцыя.

З Узбекістана ж плануецца прыцягваць перадусім рабочых на сяло, будоўлі, заводы. Ну, яшчэ санітараў.

Такім чынам, пры ўсім павазе да прыезджых, яны не кампенсуюць наступстваў удару па эліце нацыі.

Аляксандр Класкоўскі, «Позiрк»

Апошнія навіны