У Керчы адбыўся татальны блэкаўт пасля атакі ЗСУ
- 15.07.2026, 10:44
Таксама ў Крыме фіксуюць праблемы з водазабеспячэннем.
15 ліпеня Керч і шэраг раёнаў акупаванага Крыму засталіся без святла пасля новай атакі Сіл абароны Украіны.
Пра гэта паведамляе Telegram-канал ASTRA.
«На жаль, у выніку варожай атакі БПЛА Керч поўнасцю абясточана. Аб’екты жыццезабеспячэння працуюць дзякуючы рэзервовым крыніцам сілкавання. Усе гарадскія службы прыцягнутыя да аварыйна-аднаўленчых прац», - заявіў стаўленік Крамля ў горадзе Іван Кошаль.
У так званым «Крымэнерго» дадалі, што ў выніку атак дронаў ЗСУ на аб’екты электразабеспячэння частка населеных пунктаў Паўночна-Заходняга і Усходняга энергараёнаў паўвострава засталася без святла.
Акрамя таго, там заверылі гараджан, што цяпер робяць усё магчымае для аднаўлення электразабеспячэння.
Па стане на раніцу 15 ліпеня на ўсёй тэрыторыі Крыма дзейнічаюць абмежаванні электразабеспячэння.
«Адключэнні электраэнергіі будуць адбывацца аператыўна ў залежнасці ад сітуацыі ў энергараёнах. У цяперашніх абставінах паведаміць насельніцтву пра час аднаўлення электразабеспячэння немагчыма», - дадалі ў «Крымэнерго».
У ДУП РК «Вада Крыма» афіцыйна пацвердзілі, што ў выніку аварыі на сетках «Крымэнерго» зніжаны ціск вады ў дзевяці раёнах акупаванага паўвострава.