Як Жырыноўскага спусцілі са сходаў у Мінску
- 15.07.2026, 12:03
Сваю руку да гэтага прыклаў беларускі дыпламат Пётр Садоўскі.
Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргей Навумчык, узгадваючы беларускага дыпламата, першага пасла Беларусі ў Германіі Пятра Садоўскага, які пайшоў з жыцця 6 ліпеня, распавёў гісторыю пра тое, як у 1991 годзе расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі у Мінску ляцеў долу праз некалькі прыступак, не паспяваючы чапляцца рукамі за гранітныя сцены Дома ўрада.
Лідар ЛДПР спрабаваў без запрашэння прарвацца да кабінета старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. Нягледзячы на просьбы Сяргея Навумчыка пакінуць будынак, расійскі палітык працягваў спробы патрапіць да Шушкевіча:
– Давялося ўзяць яго за шматкі і выштурхнуць за дзверы калідора – туды, дзе была лесвіца. Жырыноўскі выкруціўся і паспрабаваў зноў праціснуцца ў калідор, – распавёў Навумчык.
І тут з’явіўся старшыня Камісіі ВС па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях Пётр Садоўскі, якога яшчэ раней па тэлефоне выклікаў міліцыянер.
Па словах Навумчыка, дыпламат папрасіў Жырыноўскага пакінуць памяшканне, назваўшы яго нават словам «таварыш» – «Таварыш Жырыноўскі!». Але ў адказ пачуў непалітычную лексіку.
«Падонак ты мне, а не таварыш, паскуда такая!» – выкрыкнуў Жырыноўскі.
– Імгненна ў філолагу, які пазней стаў першым паслом Беларусі ў Германіі, прачнуўся былы курсант сувораўскага вучылішча, – узгадвае Сяргей Навумчык. – Садоўскі прымяніў прыём, які ўціснуў Жырыноўскага ў дзверы. Я зноў выштурхнуў незванага госця ў калідор, на лесвіцу. І мы ўжо ўдваіх надалі целу лідара расійскай партыі такое паскарэнне, якое, згодна з законамі фізікі, перанесла Жырыноўскага на некалькі метраў ніжэй.
Лесвіца ў Доме ўрада абгінала ліфт, і таму нам давялося некалькі разоў паўтарыць працэдуру (тым, хто ўбачыць у нашых дзеяннях парушэнне спартыўнай этыкі (два на аднаго), скажу, што побач з Жырыноўскім быў кіраўнік ягонага партыйнага аддзялення, але ён спрытна збег па лесвіцы сам).
Спусканне Жырыноўскага са сходаў працягвалася да першага паверха і суправаджалася яго лаянкай і пагрозамі – так, мне ён абяцаў «павесіць на слупе, і дзесяць, не, пятнаццаць дзён не дазваляць нікому, нават жонцы, здымаць са слупа труп».
Як адзначыў дэпутат, міліцыянеры на крыкі Жырыноўскага рэагавалі са смехам.