Мінфін ЗША абвясціў пра пачатак чаканкі манеты з партрэтам Трампа
- 15.07.2026, 18:29
Намінал залатой манеты — $1.
Манетны двор ЗША пачне чаканіць залатую манету наміналам $1 з выявай амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа. Пра гэта расказаў кіраўнік амерыканскага Мінфіна Скот Бэсент у X.
Паводле слоў Бэсента, яна сімвалізуе «патрыятызм і нязгасную спадчыну свабоды». «З партрэтам Дональда Трампа яна праслаўляе сілу амерыканскіх каштоўнасцяў і запаветы нацыі, што імкнецца абараняць усеагульную свабоду», — напісаў міністр.
Федэральная камісія ЗША па пытаннях мастацтва ўхваліла выпуск залатой манеты з 24-каратовага золата яшчэ ў сакавіку. На ёй нанесены партрэт спадара Трампа ў поўны рост, які абапіраецца кулакамі на стол. Дызайн зацвердзіў сам амерыканскі прэзідэнт. Манета ўваходзіць у юбілейную серыю, прымеркаваную да 250-годдзя незалежнасці ЗША.