Нацыянальная асамблея Францыі прыняла закон аб эўтаназіі
- 15.07.2026, 21:33
Законапраект абмяркоўваўся многія гады і тройчы адхіляўся Сенатам.
Нацыянальная асамблея Францыі большасцю галасоў канчаткова падтрымала прыняцце закона аб праве на дапамогу пры сыходзе з жыцця. За законапраект, які абмяркоўваўся многія гады, перанёс мноства паправак і тройчы адхіляўся Сенатам, прагаласавалі 291 дэпутат, супраць — 241. Пра гэта паведамляе France24.
Цяпер прэм'ер-міністр Францыі Себасцьен Лекорню накіруе закон на праверку ў Канстытуцыйны савет. Гэтая працэдура зойме каля месяца. Закон уступіць у сілу пасля пацвярджэння яго канстытуцыйнасці.
Закон у межах рэформы, ініцыяванай прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, утрымлівае строгія абмежаванні. Так, скарыстацца правам на дапамогу пры сыходзе з жыцця змогуць толькі паўналетнія пацыенты, якія пакутуюць на цяжкае і невылечнае захворванне, знаходзяцца на позняй або тэрмінальнай стадыі хваробы. Пацыент павінен быць дзеяздольным і здольным выказаць сваю волю. Ён павінен будзе самастойна прыняць лятальны прэпарат, лекары могуць дапамагаць толькі ў выключных выпадках. Пры гэтым лекар мае права адмовіцца ад удзелу ў працэдуры па меркаваннях сумлення, але ён павінен будзе накіраваць пацыента да іншага спецыяліста.
Падобны закон ужо некалькі гадоў абмяркоўваецца ў Вялікабрытаніі. Чарговы раз брытанскі парламент павінен разгледзець яго ў верасні гэтага года. Эўтаназія легалізаваная ўжо больш чым у 15 краінах свету, уключаючы Нідэрланды, Бельгію, Канаду, Іспанію, Эквадор. У некаторых краінах такая практыка дэкрыміналізаваная, але афіцыйна не легалізаваная.