Цэны на кватэры ў Мінску за 10 гадоў выраслі ўдвая
- 17.07.2026, 10:06
Эксперт распавёў, ці могуць яны ўпасці.
З 2016 года, які ўдзельнікі рынку нерухомасці лічаць «дном», сярэдні кошт квадратнага метра ў сталіцы вырас з $1100 да больш як $2400. Дырэктар па аналітыцы кампаніі Realt Андрэй Чарнышэў распавёў, чаму так адбываецца і ці варта чакаць, што кватэры патанеюць у найбліжэйшы час.
Асноўныя драйверы росту коштаў на жыллё добра вядомыя. Гэта танны долар, рост заробкаў і нізкія стаўкі па крэдытах. У 2016–2017 гадах яны ўсе «працавалі» на паніжэнне коштаў, а цяпер — наадварот.
Так, у 2016‑м стаўкі па крэдытах на жыллё былі на ўзроўні 26–28%. «А стаўка звыш 20% адразае масавага пакупніка», — кажа эксперт. Цяпер пры куплі жылля на «другасцы» можна ўзяць крэдыт пад 15–15,5%, і гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Далей — заробкі. Дзесяць гадоў таму сярэдні заробак складаў каля $500, а цяпер — прыкладна 3 тыс. рублёў, або больш за $1 тыс. Курс долара таксама ўжо даволі даўно трымаецца ніжэй за 3 рублі.
«Пакуль індыкатараў, якія сведчылі б пра спад на рынку нерухомасці, я не бачу. І ў найбліжэйшай перспектыве яго не будзе, калі не здарыцца якіх-небудзь форс-мажорных падзей», — лічыць аналітык.
Да такіх падзей спецыяліст адносіць, напрыклад, рост курсу долара да 3,2 рубля і вышэй, істотнае павышэнне ставак па крэдытах на жыллё або абмежаванні на іх выдачу, а таксама зніжэнне даходаў насельніцтва. Пакуль гэта малаверагодна, тым больш у комплексе.