Рэйтынг Пуціна ў Расіі ўпаў да рэкордна нізкага ўзроўню
- 17.07.2026, 11:19
З-за паліўнага крызісу.
Колькасць расіян, якія станоўча ацэньваюць працу расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, за апошні тыдзень знізілася адразу на пяць працэнтных пунктаў — з 71% да 66%, што стала мінімальным паказчыкам амаль за чатыры гады (з восені 2022-га), піша «Агенцтва. Навіны» са спасылкай на даныя даследавання пракрамлёўскага фонду Грамадская думка.
Апошні раз станоўчая ацэнка дзейнасці Пуціна ў Расіі зніжалася на 5 працэнтных пунктаў у канцы верасня — пачатку кастрычніка 2022 года, калі дыктатар абвясціў «частковую мабілізацыю», пішуць расійскія СМІ.
Негатыўна працу Пуціна ў ліпені 2026 года ацанілі 16% апытаных расіян, што таксама стала новым максімумам з пачатку ўварвання РФ ва Украіну.
Давер да Пуціна, як сцвярджаюць расійскія даследчыкі, таксама знізіўся, але не так рэзка — на 2 п.п. за тыдзень. 20% апытаных заявілі, што не давяраюць дыктатару, а 67% — давяраюць. Абодва паказчыкі дасягнулі гэтых узроўняў упершыню з пачатку паўнамаштабнай вайны.
Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі таксама фіксуе падзенне рэйтынгу Пуціна трэці тыдзень запар — да 65,1% (супраць 70,4% у сярэдзіне чэрвеня). Узровень даверу расіян да кіраўніка Крамля, як сцвярджаецца, упаў да 71% (супраць 76,7% у сярэдзіне чэрвеня).
Прычыны падзення рэйтынгаў Пуціна можна патлумачыць тэмай, якую расіяне назвалі падзеяй тыдня — дэфіцытам паліва. На другое месца рэспандэнты ў РФ ставяць тэму вайны ва Украіне, за якой ідзе праблема абстрэлаў тэрыторыі РФ.