Узброеныя сілы Украіны ліквідавалі расійскіх акупантаў, якія «адпачывалі» на Арабатскай страле
- 17.07.2026, 11:51
Мова пра базы адпачынку «Дружба», «Сокол», «Маяк» і «Морской».
Сілы абароны Украіны нанеслі авіяўдары па месцах дыслакацыі акупацыйных расійскіх войскаў на Арабатскай страле. Пад атаку трапілі санаторыі і базы адпачынку, дзе размяшчаўся асабовы склад арміі РФ, паведамляе маніторынгавая група «Крымский ветер».
Са спасылкай на даныя спадарожнікавай здымкі ў групе заявілі, што пажары зафіксаваныя на тэрыторыі як мінімум чатырох санаторыяў і баз адпачынку на Арабатскай страле. Мова пра базы адпачынку «Дружба», «Сокол», «Маяк» і «Морской».
У ноч на 17 ліпеня ўкраінскія сілы атакавалі не толькі аб'екты на Арабатскай страле, але і шэраг мэт у анексаваным Крыме. Выбухі на паўвостраве гучалі ў раёне расійскай авіябазы каля пасёлка Гвардзейскае, побач з Феадосіяй, дзе размешчаная нафтабаза, а таксама недалёка ад пасёлка Коктэбель.
Найбольш выбухаў зафіксавалі ў раёне Керчы. Паводле слоў мясцовых жыхароў, дроны атакавалі раён чыгуначнай станцыі — аднаго з ключавых лагістычных вузлоў расійскіх акупантаў у Крыме. Паводле папярэдніх даных, былі пападанні ў чыгуначныя эшалоны, склады і нафтабазу.
Нагадаем, з мая бягучага года Узброеныя сілы Украіны праводзяць аперацыю па блакаванні Крыму. Спачатку Сілы абароны з дапамогай дронаў перакрылі «сухапутны калідор» з Расіі і вывелі з ладу сухапутныя масты на паўвостраве. У канцы чэрвеня ўкраінскія вайскоўцы пачалі абмяжоўваць і марскія пастаўкі, наносячы ўдары па расійскіх караблях і паромах у Азоўскім моры.