Гомельскія чыноўнікі перапалохаліся
- 17.07.2026, 12:01
У дзяржаўных установах пачнуць блакіраваць уваходныя міжнародныя званкі.
У дзяржаўных установах Беларусі пачынаюць уводзіць блакіроўку ўваходных міжнародных званкоў на стацыянарныя тэлефоны. Закупкі адпаведных паслуг заўважыў «Флагшток». Першыя дзяржаўныя ўстановы, якія замаўляюць такую паслугу, — з Гомельскай вобласці.
У сярэдзіне ліпеня тэндэры на паслугу «Забарона ўваходных міжнародных выклікаў для абаненцкіх нумароў» абвясцілі дзве медыцынскія ўстановы: Гомельскі абласны клінічны анкалагічны дыспансер і Гомельскі абласны клінічны цэнтр дэрматавенералогіі і касметалогіі.
Потым аналагічную заяўку размясціла ўстанова адукацыі «Гомельскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж».
Па адным з тэндэраў можна меркаваць, у якую суму абыдзецца такая паслуга. За блакіроўку ўваходных міжнародных выклікаў у межах сеткі электрасувязі ўстановы ў колькасці 37 нумароў цэнтр дэрматавенералогіі і касметалогіі гатовы аддаць больш за 1 тыс. рублёў.
Пералічаныя арганізацыі хочуць увесці забарону ўваходных міжнародных званкоў ужо ў ліпені-жніўні.
У дакументацыі тэндэраў не тлумачыцца мэта закупкі. Можна меркаваць, што ўваходныя міжнародныя званкі блакіруюць з мэтай абароны ад кібермахляроў.
На пачатку 2026 года ў Расіі на заканадаўчым узроўні замацавалі права грамадзян па змаўчанні адключыць уваходныя міжнародныя званкі на стацыянарныя тэлефоны. Але шэраг экспертаў назвалі гэты інструмент абароны ад тэлефонных махляроў неэфектыўным.
У Беларусі блакіроўка ўваходных міжнародных выклікаў можа мець яшчэ адну мэту — абмежаваць магчымасць незалежных журналістаў і іншых зацікаўленых асоб атрымаць інфармацыю ад дзяржаўных устаноў.