Украіна знішчыла расійскі стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-95
- 17.07.2026, 14:18
Паспяховая атака на аэрадром у Энгельсе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Службе бяспекі Украіны ўдалося знішчыць стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-95 на аэрадроме ў Энгельсе, у Саратаўскай вобласці РФ.
«Удзячны нашым воінам за трапнасць. Зноў былі паспяховымі далёкабійныя санкцыі супраць Расіі за гэтую вайну. У прыватнасці, сіламі СБУ быў знішчаны ваенны самалёт Ту-95 у Энгельсе, які выкарыстоўваўся для расійскіх ракетных удараў па нашай краіне. Адлегласць ад нашай дзяржаўнай мяжы – каля 800 км. Справядліва і актыўна абараняемся. Сіламі абароны Украіны таксама былі нанесеныя ўдары па аб’ектах расійскай нафтавай галіны і па пэўных мэтах на часова акупаванай тэрыторыі Украіны. Павялічваем цану для Расіі за агрэсію супраць нашай дзяржавы і людзей», — паведаміў ён.
Налёт беспілотнікаў на Энгельс адбыўся ўчора раніцай. У інтэрнэце з’явіліся відэазапісы выбуху і пажару ў раёне аэрадрома. Аднак аб паражэнні аб’ектаў на ім не паведамлялася.
Ту-95 узброены крылатымі ракетамі вялікай далёкасці – «Х-101» і «Х-55» / «Х-555». Іх колькасць залежыць ад мадыфікацыі самалёта.