У Крэўскім замку знайшлі артэфакты часоў Гедыміна і Альгерда
- 17.07.2026, 16:36
На тэрыторыі замка стартваў новы сезон археалагічных раскопак.
Пра новыя знаходкі распавёў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Дэрновіч. Матэрыял апублікаваны ў выданні «Светлы шлях», піша tochka.by.
Сёлета спецыялісты працягваюць вывучэнне пабудоў уздоўж усходняй сцяны Крэўскага замка ўнутры двара.
«У мінулым годзе мы выявілі падмурак сцяны. Мы лічым, што ён быў пабудаваны ў часы княжання князёў Гедыміна і Альгерда», – адзначыў Алег Дэрновіч.
Паводле яго слоў, злева ад гэтага аб’екта знаходзілася гаспадарчая пабудова. Археолагі мяркуюць, што яна магла быць узведзеная з дрэва на каменным падмурку.
«Падчас раскопак мы выявілі мноства фрагментаў керамічных пасудзін, косці і нажы», – паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН.
Знаходкі даюць падставы меркаваць, што на гэтым участку размяшчалася замкавая кухня.
Сярод зусім нядаўніх знаходак ёсць пацерына, нашыўка, якая мацавалася на паяс і выконвала дэкаратыўна-абарончую функцыю. Яшчэ археолагі нядаўна выявілі частку даспехаў у выглядзе жалезнай пласціны, а таксама фрагмент аконнага шкла, манеты сярэдзіны XVI і XVII стагоддзяў.
Да пачатку цяперашняга сезона археалагічных работ стала вядома, што Крэўскі замак прыкметна абновяць. Прычым гаворка ішла не проста пра рэстаўрацыю, а пра паўнавартасны «перазапуск» месца.
Работы там ідуць ужо не першы год. Адраджэнне замка пачалося яшчэ ў 2018-м, а ў 2025-м завяршыўся першы этап.
За гэты час спецыялісты ўмацавалі і часткова аднавілі сцены і вежы, захаваўшы пры гэтым гістарычную аўтэнтычнасць.