Бунт узбекаў у Беларусі: улады такога не чакалі
- Аляксандр Класкоўскі
- 18.07.2026, 8:14
Гасіць скандал вырашылі камбінаваным шляхам.
Адразу па прыбыцці ў Беларусь, узбекскія гастарбайтары запісалі відэа, у якім выказалі незадаволенасць умовамі прыёму. Беларускія ўлады прыняліся ў меру свайго ўмення гасіць гэтую ўспышку. Але ім не пад сілу вырашыць сістэмныя праблемы, якія ў прынцыпе ставяць пад пытанне эфектыўнасць прыцягнення працоўных мігрантаў.
9 ліпеня на перамовах у Мінску Аляксандр Лукашэнка агітаваў прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, каб яго суайчыннікі сем’ямі прыязджалі працаваць у Беларусь: «У нас узбекаў любяць…» і г.д.
У той жа дзень урады дзвюх краін падпісалі пагадненне аб «арганізаваным наборы і працаўладкаванні» грамадзян Узбекістана для «ажыццяўлення часовай працоўнай дзейнасці ў Беларусі».
14 ліпеня Лукашэнка ўжо прадметна абмяркоўваў тэму «на зямлі» — у Віцебскай вобласці — з хакімам Андыжонскай вобласці Шухратбекам Абдурахманавым. З гэтага перанаселенага ўзбекскага рэгіёна на Віцебшчыну намечана перакінуць 5 тыс. гастарбайтараў. 255 ужо прыляцелі.
Гасцям часткова ўступілі. Але і штосьці растлумачылі
І менавіта гэтыя людзі, сутыкнуўшыся з беларускімі рэаліямі, адразу ж узбунтаваліся.
У сваім відэа, адрасаваным хакіму, яны скардзіліся, што пасялілі іх у страшнаваты гуртожытак, заробак аказаўся ніжэйшы за абяцаны, за жыллё і харчаванне давядзецца плаціць самім. Пасля чаго, маўляў, на руках застануцца такія мізэрныя грошы, што ляцець дзеля гэтага за трыдзевяць зямель не мела ніякага сэнсу. Дык лепш, маўляў, вярніце нас дадому.
Такой непакорлівасці ад працаўнікоў з краіны з жорсткім аўтарытарным рэжымам беларускія ўлады, якія дубінкамі прывілі пакорлівасць у сваёй дзяржаве, відавочна не чакалі.
Да таго ж пахнула другой праблемай пасля няўдалай спробы прыцягнуць працоўную сілу з Пакістана.
Гасіць скандал вырашылі камбінаваным шляхам. З аднаго боку, незадаволеным нібыта паабяцалі павысіць заробак, карміць і даваць жыллё бясплатна. На ўрэгуляванне праблемы кінулі цывільных топ-чыноўнікаў — Наталлю Качанаву, Ігара Сяргеенку, якія паехалі адпаведна ў Наваполацк і Глыбоцкі раён.
З другога боку, у справу актыўна ўключыўся кіраўнік МУС Іван Кубракоў са сваімі «прыгажунамі».
На спецыяльнай нарадзе ва УУС Віцебскага аблвыканкама міністр заявіў: «Нам неабходна растлумачыць грамадзянам Узбекістана асаблівасці нашага заканадаўства. Гэта трэба рабіць у абавязковым парадку, пачынаючы з аэрапорта».
Вядома, весці «тлумачальную працу» такімі ж метадамі, як у дачыненні да ўдзельнікаў масавых пратэстаў 2020-га, то-бок пабоямі і катаваннямі, у выпадку з запрошанымі замежнікамі ўсё ж недарэчна: пахне міжнародным скандалам.
Аднак пэўны псіхалагічны ўплыў напэўна меў месца. Ва ўсялякім разе, ужо 16 ліпеня навапрыбылыя запісалі відэа ў зусім іншай танальнасці: усё окей, ніякіх нараканняў.
Не ўсе праблемы нацыі вырашаюцца на ўзроўні адкорму бычкоў
Верагодна, мясцовыя начальнікі, якія прымалі першыя групы ўзбекаў, думалі, што тыя змірацца з умовамі, горшымі за кантрактныя: маўляў, публіка не распешчаная і напэўна не прывыкла асабліва качаць правы на радзіме. Але госці аказаліся смялейшыя, чым думалася.
І мясцовыя дзеячы, напэўна баючыся гневу Лукашэнкі, які ўжо распісаў Мірзіёеву райскія даброты для яго падданых, былі вымушаныя пайсці на саступкі. Узбекі сцвярджаюць, што замест 500 долараў ім абяцана плаціць па 700 (праўда, першапачаткова гаворка ішла пра 900–1000).
Але далёка не ўсе беларускія вяскоўцы зарабляюць і па 500. Калі прыбылым мігрантам пачнуць за тую ж працу адлічваць у паўтара-два разы больш, чым мясцовым, гэта можа нарадзіць незадаволенасць ужо сярод сваіх. Да таго ж поспех гэтага бунту — у разуменні ўладаў — дрэнны прыклад для беларусаў.
І потым, ці ўсе арганізацыі, асабліва стратныя, вытрымаюць такі ўзровень заробкаў?
Тут пытанне ўпіраецца ўжо ў спецыфіку эканамічнай мадэлі. У прыватнасці, Лукашэнка чацвёрты дзясятак гадоў «падымае вёску», ды ўсё ніяк не падыме, бо працягвае мысліць у духу дырэктара саўгаса 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Нават у Расіі заробкі вышэйшыя, чым у Беларусі. І ўзбеку выгадней падацца туды. Ці ў Казахстан, Турцыю. Ды і краіны ЕС пачынаюць цікавіцца ўзбекскімі гастарбайтарамі.
Дык што залатаць з іх дапамогай дзіркі на беларускім рынку працы будзе праблематычна. Да таго ж ідзе гаворка пераважна пра нішы для работнікаў не самай высокай кваліфікацыі.
Між тым з Беларусі з’ехалі і працягваюць з’язджаць — хто па палітычных, хто па эканамічных прычынах (а то і па іх сукупнасці) — як правіла, людзі разумныя, прадпрымальныя, ініцыятыўныя, якія валодаюць высокімі кампетэнцыямі ў перадавых сферах вытворчасці, іншых галінах.
З’язджае моладзь, якая магла б прыносіць карысць радзіме, заадно вырашаючы дэмаграфічную праблему. А таксама творчая эліта, якая бычкоў не адкормлівае, але падтрымлівае дух нацыі.
Так, улады спрабуюць змяншаць вострасць кадравых праблем, але гэта нагадвае паліятыўнае лячэнне: можна змякчыць сімптомы, аднак прычыны хваробы не ліквідуюцца.
Бо корань зла — у спецыфіцы сістэмы, за якую Лукашэнка працягвае цвёрда трымацца.
Аляксандр Класкоўскі, «Позiрк»