Прэм'ер Венгрыі заклікаў дазволіць грамадзянам краіны галасаваць з 16 гадоў
- 18.07.2026, 14:12
Петер Мадзяр прапанаваў замацаваць ініцыятыву ў канстытуцыі.
Прэм'ер-міністр Венгрыі Петер Мадзяр заклікаў знізіць узроставы цэнз для ўдзелу ў выбарах з 18 да 16 гадоў. Пра ініцыятыву кіраўнік урада напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Новае правіла ён прапанаваў замацаваць у канстытуцыі, папраўкі да якой плануюць распрацаваць цягам бліжэйшага года. Паводле слоў Мадзяра, удзел у палітыцы і грамадскім жыцці зноў стаў модным і прывабным для моладзі.
«Моладзь нарэшце адчула: яна таксама можа ўплываць на вырашэнне агульных для нас пытанняў. Я перакананы, што пераважная большасць маладых людзей ва ўзросце да 18 гадоў сёння дастаткова інфармаваная і падрыхтаваная да таго, каб удзельнічаць у прыняцці калектыўных рашэнняў», — напісаў кіраўнік урада.
У большасці краін Еўрасаюза права голасу надаецца па дасягненні 18-гадовага ўзросту, але Аўстрыя, Бельгія і Германія дазваляюць сваім грамадзянам галасаваць з 16 гадоў, а праз два гады — вылучацца ў прэзідэнты.
Да гэтага Мадзяр ужо выказваў гатоўнасць падтрымаць унясенне ў канстытуцыю Венгрыі папраўкі аб тым, каб выбары прэзідэнта краіны праводзіліся шляхам прамога ўсеагульнага галасавання ўсіх грамадзян, а не толькі дэпутатаў парламента, як цяпер. Яго ўрад таксама ўнёс у асноўны закон папраўку, якая абмяжоўвае працу прэм'ер-міністра двума тэрмінамі па чатыры гады кожны, і прапанаваў усталяваць ліміт на дэпутатскі тэрмін у выглядзе трох перыядаў па чатыры гады.