BE RU EN

«Калі з тэрыторыі Беларусі будзе ўдар, Украіна адразу ж адкажа»

  • 18.07.2026, 16:40

Эксперт распавёў, якія аб'екты могуць стаць мэтамі Кіева.

Украіна ўжо не тая, што ў 2022 годзе, і не будзе чакаць і цярпець, калі ўдары па яе тэрыторыі пачнуцца з тэрыторыі Беларусі — адразу ж будзе адказ, заявіў у эфіры праграмы «Раніца з Белсатам» Аляксандр Каваленка, вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў».

Па словах Аляксандра Каваленкі, у 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання, Украіна даволі стрымана і цярпліва ставілася да таго, што з тэрыторыі Беларусі ішлі войскі, ляцелі ракеты і авіяцыя, што наша паветраная прастора пастаянна выкарыстоўвалася для ўдараў па тэрыторыі Украіны. Цяпер жа ўсё будзе інакш.

«Як толькі такое адбудзецца цяпер, будзе адказ. І я думаю, гэта добра разумеюць і Лукашэнка, і Пуцін», — падкрэслівае эксперт.

Пуцін, аднак, цяпер выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі перадусім не як пляцоўку для размяшчэння сваіх войскаў, а для легалізацыі кантрабанднай прадукцыі, а таксама прадукцыі падвойнага прызначэння, перадусім з Кітая, адзначае Каваленка. На тэрыторыі Беларусі рамантуецца расійская ваенная тэхніка, беларускія прадпрыемствы кампенсуюць Расіі недахоп тых ці іншых тэхналагічных кампанентаў для вырабу зброі.

«Праз Беларусь праходзяць розныя тавары, пачынаючы ад хімічнай прамысловасці, ад розных хімічных рэчываў, што выкарыстоўваюцца ў выбухоўцы, і да станкоў, мікрачыпаў, мікрасхем, якія адпраўляюцца праз Кітай, легалізуюцца на тэрыторыі Беларусі, а пасля гэтай легалізацыі ўжо ідуць у Расію. І Лукашэнка, і Пуцін разумеюць, што калі Беларусь напрамую фізічна пачне пагражаць Украіне, то ўсе гэтыя ланцужкі, прадпрыемствы, транзітныя вузлы, усе гэтыя цэнтры назапашвання адпаведнай прадукцыі — яны ёсць у спісе Роберта Броўдзі Мадзяра, і гэтыя 500 мэтаў будуць адпрацаваныя», — кажа госць праграмы «Раніца з «Белсатам»».

Украіна ўжо неўзабаве будзе збіваць расійскія балістычныя ракеты, якія на сёння застаюцца самай сур'ёзнай пагрозай з боку Расіі. Украіна ўжо распрацавала ўласную антыбалістычную ракету, уступіла ў антыбалістычную кааліцыю з краінамі Заходняй Еўропы.

Ракеты, якія пераважна запускаюцца з Бранскай вобласці Расіі, плануюць збіваць над тэрыторыяй Украіны — Беларусь яны не закрануць, і аскепкі на беларусаў не пасыплюцца, супакойвае эксперт.

«Найбольш уразлівы момант, калі можна перахапіць балістыку, — гэта, на жаль, момант, калі яна заходзіць на мэту, яе апошняя фаза палёту, у радыусе 10–20 км ад мэты. І гэта будуць пераважна збіцці на тэрыторыі Украіны», — патлумачыў аглядальнік.

Антыбалістычная абарона дапаможа скараціць колькасць чалавечых ахвяр ад расійскіх атак, «мінімізаваць той генацыд, які цяпер ладзяць расійскія ракетныя ўдары па ўкраінскіх гарадах», адзначыў Каваленка. На набліжэнне вайны ж перадусім уплывае тое, што цяпер адбываецца на полі бою.

Апошнія навіны