BE RU EN

Зяленскі заявіў пра наймаштабнейшую балістычную атаку РФ на Кіеў

  • 19.07.2026, 10:46

Прэзідэнт Украіны звярнуўся да сусветнай супольнасці.

У ноч на нядзелю, 19 ліпеня, Расія здзейсніла адну з самых масіраваных балістычных атак на Кіеў. Вораг ужыў больш за 40 ракет розных тыпаў (большасць — па сталіцы) і 120 ударных беспілотнікаў, падкрэсліў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Па яго словах, на дадзены момант у Кіеве і вобласці вядома пра аднаго загінулага і 16 параненых.

На трох лакацыях працягваецца ліквідацыя наступстваў удару, задзейнічана амаль 600 ратавальнікаў.

Адпаведныя службы таксама працуюць у Адэскай вобласці.

«Усяго ж за гэты тыдзень Расія ўжыла супраць Украіны каля 1450 ударных дронаў, больш за 1640 кіраваных авіябомбаў і 99 ракет розных тыпаў», — падкрэсліў прэзідэнт.

У Адэскай вобласці і Запарожжы былі паранены людзі, а ў Сумскай і Чарнігаўскай абласцях зафіксаваныя разбурэнні. Акрамя таго, пад расійскімі атакамі былі Вінніцкая, Дняпрапятроўская, Данецкая, Жытомірская, Кіраваградская, Мікалаеўская, Палтаўская, Харкаўская, Херсонская і Чаркаская вобласці.

Зяленскі падкрэсліў, што цяпер пастаянным і галоўным прыярытэтам з’яўляецца абарона ад балістыкі.

«Перахопнікі патрэбныя штодня, і я ўдзячны ўсім, хто сур’ёзна ставіцца да нашых дамоўленасцяў і забяспечвае пастаўкі сродкаў для перахопу балістычных ракет. Гэтыя пакеты дапамогі цяпер — гэта літаральна выратаваныя жыцці падчас кожнай масіраванай расійскай атакі. І вельмі важна, каб разам з працай над антыбалістыкай працягваўся ціск на Расію», — падкрэсліў украінскі лідар.

Ён дадаў, што прамаруджванне з новымі рашэннямі дае Маскве магчымасць не толькі спланаваць новыя атакі супраць украінцаў, але і пазбегнуць новых санкцый.

Уладзімір Зяленскі таксама падзякаваў усім, хто дапамагае Украіне.

Апошнія навіны