Якіх грыбоў сёлета ў беларускім лесе будзе найбольш?
- 19.07.2026, 17:06
Распавялі вучоныя.
Гэты год у Беларусі будзе ўдалым па ўраджайнасці грыбоў, прагназуюць у Інстытуце лесу Нацыянальнай акадэміі навук.
«Адзін з маркераў нядрэннай ураджайнасці грыбоў — гэта снежныя зімы», — патлумачыў навуковы супрацоўнік сектара харчовых і лекавых рэсурсаў лесу Інстытута лесу Ігар Маховік.
Паводле яго слоў, калі снежны пакроў добры, вада назапашваецца ў лесе на ўсіх узроўнях, што і забяспечвае ў летне-асенні перыяд высокі ўраджай грыбоў.
«У цэлым гэты сезон будзе блізкі да сярэдніх шматгадовых значэнняў, а значыць, удачны па ўраджайнасці», — сказаў вучоны.
Асаблівасць гэтага сезона — будзе шмат апенькаў. Гэта абумоўлена тым, што ў лясах пасля бураломаў было даволі шмат высечак і, адпаведна, валежнай драўніны.
Прагназуюць таксама добры ўраджай лісічак. Баравік — на ўзроўні сярэдніх паказчыкаў. Падбярозавікаў можа быць больш, чым звычайна, а падосінавікаў, наадварот, менш — яны вельмі патрабавальныя да вады.
Найбольш багатымі на грыбы ў Беларусі лічацца Віцебская вобласць, поўнач Мінскай вобласці, асобныя раёны ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.