Каму выгадна?
- Сяргей Кавальчук
- 2.07.2026, 16:37
У поўны рост стаіць пытанне qui prodest.
Новая атака на грамадзянскі аўтобус з беларускімі пасажырамі чарговы раз у поўны рост ставіць пытанне qui prodest — каму выгадна? Паглядзім на гэты інцыдэнт з розных пунктаў гледжання, зыходзячы з таго, як рэагавалі актары на папярэднюю атаку і якія лініі развіцця падзей праглядаюцца ў будучыні.
Беларусь — у сухім астатку мы маем абвастрэнне на прапагандысцкім фронце, дзе байцы клавіятуры і мікрафона спаборнічаюць, хто круцей укусе Зяленскага. Асноўны фокус перанесены на «рэтранслятары Шрэдынгера».
Прапаганда значна менш форсуе пытанне аўтобуса з дзецьмі, відаць, каб не паднімаць градус напружання да такога ўзроўню, з якога будзе складана выйсці. Пагадзіцеся, кпіць з «наркамана Вовы» значна бяспечней, чым заклікаць да помсты за пралітую кроў.
Аднак менавіта тэму першага атакаванага аўтобуса вельмі актыўна раскручваюць беларускія дыпламаты на міжнароднай арэне. Па ініцыятыве Беларусі быў скліканы Савет Бяспекі ААН, дзе дзяржаўныя чыноўнікі прасоўвалі лінію неправакаванай атакі і пагрозы бяспецы краіны, без асаблівага акцэнту на тым, хто гэтую пагрозу спарадзіў і пастаянна ўзмацняе для ўсяго рэгіёна. Хутчэй за ўсё, па закрытых дыпламатычных каналах ідзе той жа наратыў.
Украіна — адхрысталася ад удзелу ў першым інцыдэнце і, зыходзячы з логікі падзей, зробіць гэта і ў другім выпадку. Чыста тэхнічна, ад мяжы да КПП «Чырвоны Камень», дзе быў атакаваны рэйсавы аўтобус Мінск — Анапа, каля 40 кіламетраў па прамой. На сёння гэта пераадольная адлегласць для дрона лёгкага тыпу, які можа ўдарыць па аўтобусе і нікога там не забіць і не знішчыць транспарт.
Аднак другі запар інцыдэнт і паводзіны ўкраінцаў сведчаць, што яны не зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь стала тэрыторыяй вайны.
Нават улічваючы нізкую баяздольнасць і малалікасць беларускай арміі, мяжу давядзецца істотна ўзмацніць дадатковымі войскамі, каб пазбегнуць актыўнай дзейнасці, у першую чаргу, расійскіх дыверсантаў, і інфільтрацыі агентуры па ўсёй даўжыні тысячы кіламетраў мяжы паміж Беларуссю і Украінай. Гэтыя войскі ўзяць проста няма адкуль, а тыя, што ёсць, крытычна патрэбныя на асноўным фронце расійска-украінскай вайны.
Расія — актыўна заяўляе пра новыя злачынствы «кіеўскага рэжыму» супраць мірных грамадзян, на гэты раз — Беларусі. Надзвычай зацікаўленая ў дэстабілізацыі ўкраінскай арміі на асноўным фронце.
З ахвотай скарысталася б магчымасцю навіснуць — гіпатэтычна або практычна — над лініяй забеспячэння ўкраінскай арміі ад мяжы Польшчы да Кіева і тым самым палегчыць сабе задачы лобавых атак пазіцый украінцаў на Данбасе.
Больш за тое, улічваючы пазыцыйны тупік для расіян на Данбасе і Запарожжы, задушлівыя «кінетычныя санкцыі» ўкраінскіх сіл беспілотных сістэм, уцягванне Беларусі і найперш яе тэрыторыі ў вайну можа ўспрымацца часткай расійскай эліты як такі жаданы фактар змянення сітуацыі ў вайне. Вельмі спакусліва выглядае ідэя ўдараў з тэрыторыі Беларусі па лініях забеспячэння Украіны, якія цягнуцца з захаду на ўсход.
У выніку: маем Беларусь, якая і на найвышэйшым узроўні, і на ўзроўні грамадзян зусім не зацікаўленая ва ўступленні ў вайну. У Мінску выдатна разумеюць разбуральны для эканомікі краіны характар адказу ўкраінцаў у выпадку ўступлення Беларусі ў вайну.
Украіну, якая пастаянна нагадвае пра наступствы такога ўступлення свайму суседу і робіць гэта не таму, што сама хоча напасці, а каб абараніць сябе і пакінуць крызіс на ўзроўні ўзаемных абвінавачанняў у неадэкватнасці.
І Расію, якая ў складанай для сябе тактычнай і стратэгічнай сітуацыі шукае новыя сцэнары і крокі, каб зламаць Кіеў і давесці мэты вайны да канца.
Усё гэта кажа, што вельмі верагодныя і далейшыя правакацыі, і інцыдэнты для ўзмацнення ціску на Мінск з мэтай уцягвання яго ў агрэсіўную вайну супраць Украіны ў больш актыўнай ролі.
Сцэнарыяў шмат — ад сумеснага наступу саагрэсараў на лініі забеспячэння ўкраінцаў да рэжыму «дзіўнай вайны», калі тэрыторыя Беларусі будзе выкарыстана для ўзмацнення пагрозаў, паветраных удараў і таму падобных варыянтаў баявых дзеянняў, не звязаных з паўнавартаснай наземнай аперацыяй.
Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»