BE RU EN

СБУ заявіла аб затрыманні «надзвычай важнага» агента расійскай разведкі

  • 2.07.2026, 23:31

Ён спрабаваў перадаць Расіі дакументацыю аб найноўшых украінскіх ударных беспілотніках.

Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла пра затрыманне супрацоўніка адной з вядучых акадэмій Міністэрства абароны краіны, якога падазраюць у працы на расійскую ваенную разведку. Паводле даных следства, ён спрабаваў перадаць Расіі дакументацыю аб найноўшых украінскіх ударных беспілотніках.

«У выніку дзеянняў на апярэджанне затрыманы надзвычай важны для Расіі агент расійскай ваеннай разведкі (больш вядомай як ГРУ), які шпіёніў у адной з вядучых акадэмій Міністэрства абароны Украіны», — паведамілі ў СБУ.

Там удакладнілі, што затрыманы працаваў дацэнтам навуковага цэнтра акадэміі, капіяваў праектную дакументацыю па распрацоўцы новых ударных дронаў для Сіл абароны Украіны і перадаваў яе свайму куратару з расійскай ваеннай разведкі (ГРУ).

Акрамя таго, у спецслужбе заяўляюць, што падазраваны наўмысна рыхтаваў адмоўныя экспертныя заключэнні на перспектыўныя распрацоўкі ўкраінскіх вытворцаў узбраення. Паводле версіі следства, ён без падстаў прызнаваў беспілотныя і робатызаваныя сістэмы непрыдатнымі для выкарыстання ў баявых умовах.

У СБУ заявілі, што працяглы час дакументавалі дзеянні падазраванага — гэта дазволіла выкарыстаць яго для дэзінфармацыі расійскага боку і прадухіліць перадачу сакрэтных распрацовак украінскага абаронна-прамысловага комплексу.

Паводле дадзеных ведамства, мужчыну затрымалі на гарачым у яго працоўным кабінеце ў момант, калі ён спрабаваў адправіць расійскаму куратару новыя дакументы.

Следства мяркуе, што падазраванага завербавалі праз яго знаёмага, які пражывае ў Расіі. У абмен на супрацоўніцтва ён разлічваў атрымаць пасаду ў расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў выпадку захопу ўкраінскай тэрыторыі.

Падчас вобшуку ў затрыманага канфіскавалі два мабільныя тэлефоны і камп'ютарную тэхніку, якія выкарыстоўваліся для сувязі з прадстаўніком расійскай разведкі.

Мужчыне паведамілі пра падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе, учыненай ва ўмовах ваеннага становішча. Суд узяў яго пад варту без права ўнясення залогу. У выпадку прызнання вінаватым яму пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці.

Апошнія навіны