Дзе два казакі, там тры атаманы
- Мікалай Статкевіч
- 20.07.2026, 10:27
Ці можа дэмакратыя ў вайне перамагчы аўтакратыю?
Здавалася б, аўтакратыя мае магчымасць без абмежаванняў хутка канцэнтраваць і выкарыстоўваць матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы.
А дэмакратыя ваюе ў умовах свабоды прэсы і ўнутранай палітычнай канкурэнцыі. Падчас вайны гэта змушае ўлічваць абмежаванні, якія накладаюць на кіраўніцтва краіны грамадская думка і крытыка палітычных апанентаў. А таксама ўлічваць фактар будучых выбараў. Кіраўнік дэмакратычнай краіны вымушаны частку сіл і інфармацыйных рэсурсаў траціць на барацьбу з палітычнымі канкурэнтамі. Не толькі з-за натуральнага жадання выйграць наступныя выбары. Але і каб не дапусціць узмацнення кагосьці з канкурэнтаў да такой ступені, што ён пачне ўспрымацца як альтэрнатыўны лідар краіны, што можа дэзарыентаваць сістэму дзяржаўнага кіравання падчас вайны.
Шчыра кажучы, мяне здзіўляе, што многія вайсковыя кіраўнікі Украіны высокага ці нават сярэдняга ўзроўню падчас вайны займаюцца актыўным самапіарам. Інтэрнэт дае тут шырокія магчымасці.
Зразумела, што краіна хоча ведаць сваіх герояў, з каго варта браць прыклад. З іншага боку, узнікае ўражанне, што найбольш актыўныя ў гэтай справе рыхтуюцца да палітычнай кар’еры, да ўдзелу ў будучых выбарах. Недарма ж кажуць: дзе два казакі, там тры атаманы. Ці не зарана? Можа, лепш засяродзіцца на вайне? Агрэсыя ж яшчэ не спыненая. Акрамя таго, тыя, хто актыўна займаецца самапіарам, ствараюць сабе дадатковыя кар’ерныя магчымасці і таксама падстрахоўваюцца ад кар’ерных правалаў, бо могуць апеляваць да грамадскай падтрымкі пры спробе іх звольніць або панізіць у пасадзе. Звычайныя грамадзяне, якія абралі сабе чарговага куміра паводле інфармацыі пра сябе ў Сеціве, прадстаўленай ім самім, не ведаюць многіх сапраўдных прычын, з-за якіх да яго ўзніклі прэтэнзіі. А для многіх, асабліва жанчын, бывае дастаткова адной толькі знешняй прывабнасці, каб прызнаць яе носьбіта вартым даверу.
Пры такім становішчы ў пройгрышы аказваюцца тыя кіраўнікі, якія не паклапаціліся пра стварэнне сабе належнага вобразу ў Інтэрнэце. А таксама вышэйшыя кіраўнікі, якія нясуць адказнасць за вынік вайны, але не могуць рэалізоўваць сваё найнеабходнейшае права на ўласную кадравую палітыку, без якога кіраванне губляе сваю эфектыўнасць. Дарэчы, у пройгрышы аказваецца ўся краіна.
Калі вы абралі з такой перавагай прэзідэнта і адначасова Вярхоўнага галоўнакамандуючага, дык дазвольце яму кіраваць. У вас жа вайна ў доме!
Усё гэта — пад уражаннем брыфінгу былога міністра абароны Украіны. Дакладней, самапрэзентацыі чарговага кандыдата ў прэзідэнты нашай суседкі. Узнікае пытанне: навошта там была такая жорсткая агульная крытыка баявога генерала, якога сам крытык называе выратавальнікам краіны ў вызначальны момант пачатку вайны? Ён жа ў прэзідэнцкіх выбарах не збіраецца ўдзельнічаць. Думаю, што сапраўдным аб’ектам нападу тут з’яўляецца іншы генерал, які ўжо абвясціў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах і ўспрымаецца самапрэзентантам як канкурэнт на іх. Маўляў, усе гэтыя старыя, замшэлыя генералы нічога не разумеюць, як перамагчы без страт, аўтаматаў і гармат — толькі аднымі джойстыкамі.
А народ не разабраўся ў сапраўдных прычынах «наезду» і ўжо пачаў мітынгаваць з патрабаваннямі адстаўкі крытыкаванага дзейнага Галоўнакамандуючага Узброеных Сіл.
І ўжо сам прэзідэнт абмяркоўвае гэтыя патрабаванні мітынгоўцаў — падчас вайны(!!!). Суседзі, вы выпадкова не афігелі?
Прыведу прыклад іншых паводзінаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША ў 2000 годзе знаёмыя супрацоўнікі амерыканскай амбасады не хавалі свайго расчаравання, што віцэ-прэзідэнт Гор прайграў на іх Бушу-малодшаму.
Час пацвердзіў іх асцярогі — прэзідэнт Буш па надуманых прычынах уцягнуў сваю краіну ў працяглую і дарагую вайну ў Іраку, чым развязаў рукі Ірану, які доўга і цяжка ваяваў з Іракам.
Гэта дазволіла Ірану развіць ракетную і ядзерную праграмы і стаць фактарам дэстабілізацыі ўсяго рэгіёна.
На наступных прэзідэнцкіх выбарах зноў перамог Буш-малодшы. Але мае знаёмыя супрацоўнікі ўжо былі задаволеныя гэтым фактам. Як яны патлумачылі: «Наша краіна ваюе ў Іраку. Змена прэзідэнта падчас вайны падбадзёрыць нашых ворагаў. І нашым салдатам там стане цяжэй».
А цяпер да пытання, якое я паставіў у пачатку гэтага тэксту. Так, дэмакратыя можа перамагчы аўтакратыю. Той жа былы міністр абароны Фёдараў выдатна гэта паказаў дронавым «рывком», скарыстаўшыся перавагамі свабоднай эканомікі, а таксама фінансавымі і тэхналагічнымі рэсурсамі, атрыманымі дзейным прэзідэнтам ад дэмакратычных краін свету.
Але ахлакратія (улада натоўпу) ніколі не пераможа.
Мікалай Статкевіч, Telegram