Індыйскі спартсмен усталяваў рэкорд па колькасці адцісканняў за гадзіну
- 20.07.2026, 11:02
Папярэдне ён надзеў заплечнік вагой 27 кг.
41-гадовы Роташ Чаўдхары адціскаўся, папярэдне надзеўшы заплечнік вагой 27 кг. Імя індзійца ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Гінэса, піша «Нож».
За гадзіну Роташ зрабіў 847 адцісканняў. Дасягненне было зафіксавана на стадыёне імя Джавахарлала Неру ў Нью-Дэлі. Спартсмен пабіў рэкорд, раней усталяваны сірыйцам па імені Самі Джомах Хасан.
У Чаўдхары няпросты лёс. Мужчына заўсёды любіў спартыўныя трэніроўкі, але надоўга быў пазбаўлены магчымасці хадзіць у залу: пасля сур'ёзнай аварыі ён цягам двух гадоў быў прыкаваны да ложка.
Роташ вырашыў не падаць духам і, праходзячы рэабілітацыю, нанова адкрыў для сябе спорт. Па яго ўласным прызнанні, ён адчуў вялікую радасць, калі зноў змог працаваць над сваёй фізічнай формай.
«Рэкорды патрэбныя не толькі для таго, каб іх біць, — яны павінны нагадваць нам, што чалавечы патэнцыял бязмежны, — упэўнены Роташ Чаўдхары. — Калі вы верыце ў сябе і не здаецеся, то можаце дасягнуць немагчымага».
Цяпер Чаўдхары рыхтуецца да новых рэкордаў. Ён штодня ходзіць на трэніроўкі і стараецца быць прыкладам для новага пакалення індзійцаў.