Буданаў звярнуўся да ўкраінцаў і заклікаў «нікога не хейціць»
- 20.07.2026, 18:45
Кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны заявіў, што «пазыцыя грамадства пачута».
Украінскія ўлады «пачулі» пазіцыю грамадства наконт апошніх кадравых змяненняў, і сітуацыя вырашаецца «прафесійна, канструктыўна і ў інтарэсах дзяржавы». Пра гэта 20 ліпеня ў Telegram паведаміў кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў.
Такую заяву ён апублікаваў на фоне мітынгаў і патрабаванняў часткі ўкраінцаў звольніць Аляксандра Сырскага з пасады галоўнакамандуючага ЗСУ, а Міхаіла Фёдарава — вярнуць на пасаду кіраўніка Міністэрства абароны.
Буданаў адзначыў, што сітуацыя выклікала моцныя эмоцыі, а неабыякавасць грамадзян з’яўляецца сілай, якая дапамагае Украіне выстаяць, аднак заклікаў захоўваць спакой.
«Пазыцыя грамадства пачута. Сітуацыя вырашаецца прафесійна, канструктыўна і ў інтарэсах нашай дзяржавы. Таму прашу захоўваць спакой. Дыскусія — нармальная рэч для свабоднай краіны. Важна, каб яна і надалей праходзіла мірна, без правакацый, якія шкодзілі б нацыянальнай бяспецы», — патлумачыў кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны.
Таксама Буданаў заклікаў украінцаў не пераходзіць да ўзаемнай варожасці.
«Заклікаю нікога не хейціць. Вораг уважліва сочыць за кожнай нашай унутранай спрэчкай і чакае, калі мы пачнём ваяваць паміж сабой. Скажу ворагам наўпрост: не дачакаецеся. Давайце думаць пра нашу агульную перамогу. Украіна з гэтай сітуацыі абавязкова выйдзе мацнейшай. Праца ідзе. Вынікі будуць», — дадаў ён.