BE RU EN

«Стаўленне як да шпіёна»

  • 20.07.2026, 19:43

Паляк з'ездзіў у Беларусь, прастаяў на мяжы 11 гадзін і прайшоў допыт КДБ.

Допіс паляка, які нядаўна вярнуўся з Беларусі, з’явіўся 19 ліпеня ў Facebook-групе Zwiedzaj Białoruś. Ён расказаў пра доўгае праходжанне мяжы, праверку тэлефона і размовы з сілавікамі. Публікацыя пратрымалася амаль суткі, пасля чаго была выдаленая, піша MOST.

Аўтар допісу напісаў, што паездка пакінула ў яго неадназначныя ўражанні. Паводле яго слоў, праходжанне мяжы заняло 11 гадзін, потым была размова з афіцэрам КДБ, затым з міліцыяй.

Як сцвярджае аўтар, яго распытвалі, дзе ён працуе, што думае пра Лукашэнку, вайну і Расію, а таксама ці ёсць у яго знаёмыя ўкраінцы. Акрамя таго, сілавікі фатаграфавалі IMEI яго тэлефона і акаўнты ў Google, Facebook і WhatsApp.

Польскія банкаўскія карты, паводле падарожніка, у Беларусі не прымалі. Выняткам стала аплата страхоўкі і афармлення аўтамабіля на мяжы.

Аўтамабіль таксама праверылі з дапамогай рэнтгена. Аўтар напісаў, што яму давялося чакаць дакументаў. Пры выездзе ў Польшчу яго спыталі, ці не вывозіць ён «прапагандысцкія» або «падрыўныя» матэрыялы.

Паляк звярнуў увагу і на дарожную сітуацыю. Паводле яго слоў, на трасе было шмат камер кантролю хуткасці, прыблізна кожныя два-тры кіламетры. На некаторых участках дзейнічала абмежаванне ў 40 кіламетраў на гадзіну.

Пры гэтым уражанні ад зносін з беларусамі ў аўтара засталіся пазітыўныя. Ён напісаў, што людзі, пачуўшы польскую мову, падыходзілі, віталіся і жадалі ўсяго найлепшага.

«Агульная гісторыя нас аб’ядноўвае. Яны вельмі паважаюць нас, палякаў», — гаворыцца ў допісе.

Мужчына таксама пахваліў ежу, музеі, паркі і гістарычныя помнікі. Ён адзначыў, што ў Беларусі шмат бясплатных парковак, а гістарычныя будынкі, паводле яго ўражанняў, знаходзяцца ў добрым стане.

Аўтар дадаў, што беларускяя мова падобная да польскай, аднак пашкадаваў, што ў краіне часцей гучыць руская.

На пытанне, ці вярнуўся б ён у Беларусь, мужчына адказаў станоўча. Аднак удакладніў, што яго не задавальняе стаўленне да турыстаў на мяжы.

«Так, але не пры такім стаўленні да цябе, турыста, як да шпіёна або дыверсанта», — напісаў ён.

Апошнія навіны