У Беларусі знайшлі гарадзішча эпохі Вялікага перасялення народаў
- 20.07.2026, 20:52
Навукоўцы лічаць, што старажытны горад згарэў у агні бітвы.
Археолагі БДУ выявілі гарадзішча, якое згарэла ў сярэдзіне I тысячагоддзя н.э., паведамляе прэс-служба Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Рэшткі ўмацаванняў і шматлікія артэфакты знайшлі падчас раскопак на тэрыторыі археалагічнага комплексу каля вёскі Рэчкі Вілейскага раёна.
Сенсацыйную знаходку выявілі студэнты гістарычнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам загадчыцы кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Паліны Курловіч.
Падчас экспедыцыі археолагі выявілі на земляным вале згарэлыя рэшткі ўмацаванняў, вакол былі знойдзеныя наканечнікі стрэл. Археолагі лічаць, што гарадзішча магло згарэць у пажары падчас бітвы.
Знойдзеныя ў слоі пажару артэфакты папярэдне датуюцца IV–V стагоддзямі н.э. — часам Вялікага перасялення народаў.
Ля падножжа гарадзішча выявілі шматлікія прадметы побыту таго часу: прылады працы з жалеза і гліны, дэталі адзення, вырабы з косці, керамічныя пасудзіны.
Даследчыкі лічаць, што знаходкі пральюць святло на побыт людзей таго часу і шляхі рассялення славян на тэрыторыі Беларусі.
Выяўленыя артэфакты вывучаць у лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ. Археалагічная экспедыцыя ў Рэчках працягнецца да 28 ліпеня.