BE RU EN

Рэйтынг Пуціна апусціўся да найнізкага ўзроўню з 2021 года

  • 21.07.2026, 10:25

Паліўны крызіс узмацняе страх і няпэўнасць у расійскім грамадстве.

Узровень адабрэння дзейнасці расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна адчувальна знізіўся на тле зацяжной вайны супраць Украіны, узмацнення лічбавай цэнзуры і паліўнага крызісу ў Расіі.

Пра гэта гаворыцца ў аналітычным матэрыяле Newsweek.

Паводле апошніх даных падкантрольнага расійскай дзяржаве Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі, па стане на 12 ліпеня дзейнасць Пуціна адабрылі 65,1% апытаных. У той жа час 23,4% рэспандэнтаў адкрыта заявілі, што не падтрымліваюць яго працу на пасадзе прэзідэнта.

Падобныя тэндэнцыі, як адзначае выданне, фіксуюць расійскі «Левада-Цэнтр» і Фонд «Грамадская думка».

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну рэйтынг Пуціна пераважна трымаўся ў межах прыблізна ад 78% да 85%. Яшчэ ў верасні 2025 года яго дзейнасць адабрылі 77,8% расіян. Апошні раз паказчыкі апускаліся да цяперашняга ўзроўню ў 2021 годзе — на тле пандэміі COVID-19, эканамічнай стагнацыі і пратэстаў у падтрымку расійскага апазцыянера Аляксея Навальнага.

Newsweek піша, што пасля амаль чатырох з паловай гадоў вялікай вайны пачынае разбурацца нефармальны «грамадскі дагавор» паміж Крамлём і насельніцтвам Расіі.

Адзін з фактараў незадаволенасці — далейшае ўзмацненне кантролю над расійскім інтэрнэтам. Крэмль пашырыў паўнамоцтвы Раскамнагляду і абмежаваў працу замежных платформаў і мэсэнджараў, спрабуючы перавесці карыстальнікаў на падтрымліванае дзяржавай прыкладанне MAX.

Аднак, паводле дадзеных выдання, у чэрвені Apple выдаліла MAX з App Store, а пасля прыкладанне знікла і з Google Play. З-за гэтага мільёны расіян страцілі магчымасць спампоўваць або абнаўляць платформу, што прывяло да збояў у паўсядзённым жыцці і працы карыстальнікаў.

Экспертка Carnegie Russia Eurasia Center Марыя Каламычэнка заявіла Newsweek, што расійскія ўлады былі вымушаныя часткова аслабіць абмежаванні ў інтэрнэце з-за растучай незадаволенасці. Гэта адбываецца напярэдадні выбараў у Дзярждуму, перад якімі Крэмль імкнецца прадэманстраваць нібыта высокую падтрымку Пуціна і партыі «Адзіная Расія».

Яшчэ адной крыніцай напружанасці сталі праблемы з палівам, што ўзніклі пасля ўкраінскіх удараў па расійскай энергетычнай інфраструктуры. Атакі на нафтаперапрацоўчыя заводы і паліўныя тэрміналы прывялі да дэфіцыту, чэргаў на аўтазапраўках і росту трывожнасці сярод насельніцтва.

Паводле слоў Каламычэнка, паліўны крызіс, выкліканы ўкраінскімі ўдарамі, узмацняе страх і няпэўнасць у расійскім грамадстве.

Апошнія навіны