Лукашэнка падвёў вынікі свайго кіравання
- 21.07.2026, 13:55
Вынік відавочны.
На селектарнай нарадзе кіраўнік разносіў неруплівых гаспадарнікаў, а ў выніку падвёў вынікі свайго кіравання. Што ж так абурыла Аляксандра Лукашэнку, які ўжо больш за 30 гадоў імем рэвалюцыі адраджае сельскую гаспадарку?
— Толькі пачалі ўборку, а МУС ужо выяўлена 46 злачынстваў. Асноўныя — крадзеж камплектуючых і запасных частак, хабарніцтва. На першым месцы — крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў, — перадае яго словы БЕЛТА.
Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што гэта застарэлая праблема:
— У мяне на стале вынікі свежага маніторынгу, які паказаў, што мясцовая ўлада да выкаранення крадзяжоў падыходзіць абы-як або ўвогуле гэтым не займаецца. Таму нячыстыя на руку работнікі крадуць паліва і цалкам упэўнены ў сваёй беспакаранасці.
Асабліва абурае, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў замест таго, каб змагацца з гэтымі «несунамі», уваходзяць з імі ў долю і «крышуюць», як у ліхія 90-я. Мужыкі, вы ж разумееце, што 90-х нават у гэтай дробязнай праблеме мы не дапусцім.
Як жа не дапусцім? А ці не з тых самых 90-х «крышаванне» злодзеяў сілавікамі, крадзеж паліва і запчастак? І нават цяжка ўявіць, што яшчэ больш 90-х, — піша «Салідарнасць».
Хоць вось жа яно! Лукашэнка таксама распавёў, што выяўлена 150 нецвярозых работнікаў, знойдзены прыпіскі ў аператыўнай справаздачнасці пра гатоўнасць тэхнікі і зернесушыльных комплексаў. Так, пракуратура ўстанавіла 41 выпадак, калі тэхніка была гатовая да працы толькі на паперы. І такія факты выяўлены ў 25 (!) раёнах Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай (!!!) абласцей.
Праўда, кіраўнік знайшоў і прычыну ўсяго таго, што адбываецца. Не-не, не там, дзе вы падумалі.
— На мой погляд, адна з прычын гэтага ў тым, што асобныя кіраўнікі да канца так і не засвоілі простую ісціну: кіраваць уборкай трэба ў полі, а не з акна кабінета.
Прама як Аляксандр Рыгоравіч, які трыццаць з хвасцікам гадоў раз’яжджае па палях і асабіста курыруе, дзе капаць кампостную яму, а куды садзіць бульбу. Вынік — перад вамі. Вось толькі самому Лукашэнку, здаецца, ён не даспадобы.