Расія рыхтуе новы дэфолт?
- Андрэй Бронішэўскі
- 21.07.2026, 13:58
Расійскі Мінфін вырашыў не браць у доўг.
Мінфін Расіі ў панядзелак паведаміў, што часова не будзе размяшчаць аблігацыі федэральнай пазыкі (ОФЗ). Колькі дакладна часу гэта працягнецца, Мінфін не ўдакладніў. Відаць, таму што сам не ў курсе. Бо пазычаць расійскім уладам не хочуць ужо нават расійскія банкі. Дык што цяпер расійскаму Мінфіну трэба прыдумаць, дзе яму дастаць грошай, каб аддаць старыя даўгі.
Ці можна проста абвясціць новы дэфолт.
Сама ўстанова кажа, што вырашыла прыпыніць размяшчэнне ОФЗ па добрай волі і без прымусу. Што гэта зроблена «з мэтай садзейнічання стабілізацыі рыначнай сітуацыі». Што там з рыначнай сітуацыяй такога здарылася, што яна раптам стала нестабільнай, Мінфін не ўдакладніў. Бо пра такое не гавораць.
На мінулым тыдні Мінфіну давялося адмяніць аўкцыён з продажу ОФЗ, бо не знайшлося ахвотных іх купіць. Да гэтага з пачатку чэрвеня аўкцыён адмяняўся двойчы. Паводле плана Мінфін у трэцім квартале разлічваў заняць на ўнутраным рынку 1,5 трыльёна расійскіх рублёў. Фактычна яму ўдалося ўзяць у доўг менш за сімвалічныя 10 мільярдаў.
Увогуле, калі вам не даюць таго, пра што вы просіце, застаецца зрабіць выгляд, што і не вельмі хацелася. Праўда, застаецца пытанне: «а дзе ўсё ж браць грошы?». Бо вайна сама сябе не пракармляе. Магчымасці расійскага бюджэту апошнім часам моцна адстаюць ад патрэбаў. Таму дзірка ў бюджэце вырасла амаль да 6 трыльёнаў рублёў. Не кажучы ўжо пра тое, што на мінулым тыдні, не прыцягваючы лішняй увагі, Мінфін павялічыў план па выдатках яшчэ на трыльён. То бок дэфіцыту ў бюджэце будзе яшчэ больш.
Пры гэтым ОФЗ апошнім часам былі галоўнай крыніцай фінансавання дэфіцыту расійскага бюджэту. Бо ніхто, акрамя расійскіх банкаў, расійскаму Мінфіну ў доўг не даваў. Праўда, нават у ўласных банкаў даводзілася пазычаць дорага. Стаўкі па ОФЗ апошнім часам выраслі да 13–17 працэнтаў.
Дык што выдаткі на абслугоўванне доўгу цяпер складаюць каля 9 працэнтаў усіх бюджэтных выдаткаў. Гэта больш, чым выдаткі на адукацыю і ахову здароўя разам узятыя.
Фактычна расійскі Мінфін пабудаваў класічную фінансавую піраміду. Калі вы бераце новыя даўгі, каб вяртаць старыя. Але піраміда працуе, пакуль ёсць прыток свежых грошай. Прычым паток грошай павінен пастаянна расці.
Таму ў 2023 годзе Расія размясціла ОФЗ на 2,8 трыльёна рублёў. У 2024 годзе ўжо было 4,4 трыльёна. У 2025 годзе аб’ём размяшчэнняў склаў 7,2 трыльёна. Пры тым, што першапачаткова планавалася 4,8 трыльёна.
На гэты год Мінфін адразу запланаваў узяць у доўг 6,5 трыльёна. Але нешта пайшло не так. У першым квартале план яшчэ атрымалася крыху перавыканаць. У другім квартале да плана не дацягнулі зусім крыху. Ну, а ў трэцім здарыўся поўны правал. Відаць, ужо нават расійскія банкі адчулі, што адбываецца нешта нядобрае.
Дык што адзіная прыстойная крыніца фінансавання бюджэтнага дэфіцыту — сродкі Фонду нацыянальнага дабрабыту. Але ліквідных сродкаў там засталося ўсяго на 3,6 трыльёна рублёў. А дэфіцыт у бюджэце ўжо цяпер амаль 6 трыльёнаў. Пры гэтым больш за тры трыльёны трэба вярнуць па старых даўгах.
Але выхад ёсць. Праўда, не ўсім ён спадабаецца. Калі ўжо ўсё роўна не атрымліваецца браць новыя даўгі, можна перастаць плаціць па старых. Абвясціць пра часовае прыпыненне выплат «да стабілізацыі рыначнай сітуацыі». То бок зрабіць расійскім банкам такі маленькі дэфолт. На шчасце, досвед маецца яшчэ з 1998 года.
Тым больш, што да жніўня засталося зусім нічога. А жнівень для дэфолту — самы прыдатны час.
Андрэй Бронішэўскі, planbmedia.io