BE RU EN

Беларуская кампанія касметыкі Modum страціла свае запасы пасля ўдару па складах Wildberries

  • 21.07.2026, 14:31

Каля 30% прадукцыі.

Беларускі вытворца касметыкі Modum каля 30% сваіх таварных запасаў захоўваў на расійскіх складах Wildberries, якія пацярпелі пасля атакі беспілотнікаў. Цяпер гэта прадукцыя недаступная для замовы, аднак у кампаніі разлічваюць як мага хутчэй аднавіць продажы, паведаміла ў Threads дырэктарка па маркетынгу Вольга Безводзіцкая.

«На складах у Электрасталі і Катаўску знаходзілася каля 30% усяго таварнага запасу касметычнай кампаніі Modum. Цяпер гэты асартымент недаступны для замовы, у прыярытэце не толькі ацэнка страт, але і максімальна хуткае аднаўленне даступнасці прадукцыі для пакупнікоў», — напісала яна.

Паводле яе слоў, кампанія загадзя размеркавала прадукцыю паміж некалькімі складамі Wildberries, таму большая частка асартыменту працягвае прадавацца ў звычайным рэжыме.

Акрамя таго, частку тавараў ужо перавялі на іншую схему продажаў.

«Таксама мы аператыўна перавялі частку пазіцый на схему FBS (дастаўка са склада прадаўца), гэта дае магчымасць аднавіць продажы, не чакаючы аднаўлення працы пацярпелых лагістычных цэнтраў», — дадала Вольга.

Адзін з каментатараў пацікавіўся, ці дапускаюць у кампаніі, што ў бліжэйшыя тыдні могуць пацярпець і іншыя склады Wildberries, і спытаў, што ў такім выпадку плануюць рабіць. На гэта прадстаўніца Modum адказала: «Пакуль не думалі пра гэта».

Яшчэ адзін карыстальнік спытаў, ці змогуць кампаніі кампенсаваць шкоду. У адказ Вольга паведаміла, што «разбіраюцца юрысты».

Нагадаем, ноччу 18 ліпеня пад удар дронаў трапілі лагістычныя комплексы Wildberries у Катаўску (Тамбоўская вобласць) і Электрасталі (Маскоўская вобласць). На першым аб’екце загінулі сем чалавек, яшчэ як мінімум 25 атрымалі раненні. У Электрасталі пацярпелі 37 чалавек. З іх восем у цяжкім стане, 23 — сярэдняй ступені цяжкасці і пяць — у задавальняльным стане. Адзін з пацярпелых памёр у бальніцы.

Апошнія навіны