BE RU EN

Шкода ад пажару на складах Wildberries перавысіла гадавыя бюджэты 53 рэгіёнаў РФ

  • 21.07.2026, 21:46

Датла згарэлі склады плошчай 350 тысяч кв. метраў.

Удар па лагістычных хабах Wildberries у Падмаскоўі і Тамбоўскай вобласці, у выніку якіх датла згарэлі склады плошчай 350 тысяч кв. метраў, можа стаць адным з самых «дарагіх» паводле шкоды сярод удараў ЗСУ, піша The Moscow Times.

Акрамя двух цэнтраў коштам каля 30 млрд рублёў, якія апрацоўвалі некалькі мільёнаў тавараў на дзень, пажары знішчылі тавары на суму як мінімум 150 млрд рублёў, ацэньвае вядучы аналітык расійскага даследчага агенцтва Data Insight Сяргей Семка. Гэта «асцярожная ацэнка», падкрэслівае ён: кошт згарэлых таварных астаткаў можа дасягаць 170-230 млрд рублёў.

У выніку агульная шкода ад пажару, паводле самых нізкіх падлікаў, складзе 180 млрд рублёў — суму, якая перавышае гадавыя бюджэты 53 расійскіх рэгіёнаў. Сярод іх — Омская вобласць (178,6 млрд рублёў), Белгародская вобласць (177,3 млрд рублёў), Удмуртыя (172,6 млрд рублёў), Тульская вобласць (169,6 млрд рублёў).

Гадавы бюджэт Іванаўскай вобласці (88,5 млрд рублёў) шкода ад пажару перавышае ўдвая; Арлоўскай вобласці (61 млрд рублёў) — утрычы; а бюджэты найбяднейшых рэгіёнаў — Калмыкіі (35,3 млрд рублёў), Ненецкай аўтаномнай акругі (30,5 млрд рублёў) і Яўрэйскай аўтаномнай вобласці (28,1 млрд рублёў) — практычна ў шэсць разоў.

Хаця заснавальніца Wildberries Таццяна Кім заявіла, што кампанія прапрацоўвае магчымасць кампенсацый прадаўцам, якія страцілі свае тавары, тэарэтычна на гэта спатрэбіцца сума, параўнальная з усім гадавым прыбыткам Wildberries: летась ён склаў 175 млрд рублёў, нагадвае Forbes. Пры гэтым за два тыдні да атакі — 7 ліпеня — уступіла ў сілу абноўленая аферта Wildberries, паводле якой кампанія зняла з сябе адказнасць за страту тавараў у выніку атак беспілотнікаў, ракет і іншых боепрыпасаў.

Шанцы прадаўцоў, якія прынялі аферту, у судзе мінімальныя, кажа адвакат Канстанцін Стэпанаў: маркетплейс унёс атакі БПЛА ў пералік форс-мажорных абставін, а спасылацца на аднабаковае змяненне дагавора складана, бо аферта лічыцца прынятай прадаўцом у момант акцэпту. Нягледзячы на заявы Кім, Wildberries ужо паводзіць сябе «дзіўна», звяртае ўвагу кіруючы партнёр юрыдычнай кампаніі «Правовая Помощь» Аляксандр Тарасенка: у асабістых кабінетах прадаўцоў справаздачы аб астатках, якія знаходзіліся на згарэлых складах, проста зніклі, а менавіта гэтыя даныя даюць надзею прадаўцам атрымаць кампенсацыю.

Пашырэнне ўкраінскіх удараў па расійскіх лагістычных цэнтрах, калі яно стане не разавай акцыяй, а сістэмнай кампаніяй, нясе «відавочна негатыўныя» доўгатэрміновыя наступствы для эканомікі, папярэджвае галоўная эканамістка Bloomberg Economics па РФ Кацярына Уласава. Кампаніям давядзецца больш траціць на бяспеку, размеркаванне запасаў і новыя складскія магутнасці, тлумачыць яна, а гэта ў выніку выльецца ў павышэнне цэн для спажыўцоў і, як следства, паскарэнне інфляцыі.

Раней сайт Charter97.org пісаў, што пасля пажару на складзе Wildberries расійскім прадаўцам адмовіліся выплачваць кампенсацыю.

Апошнія навіны