Пад Вілейкай знайшлі сляды неардынарнай падзеі эпохі Вялікага перасялення народаў
- 22.07.2026, 9:50
Яна адбылася каля 1500 гадоў таму.
Каля вёскі ў Вілейскім раёне падчас раскопак выявілі сляды ўзброенага сутыкнення эпохі Вялікага перасялення народаў, паведаміла прэс-служба Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
На тэрыторыі археалагічнага комплексу каля вёскі Рэчкі Вілейскага раёна выяўленыя згарэлыя ў пажары рэшткі ўмацаванняў. Напрыклад, знойдзены зямляны вал, дзе стаяла драўляная сцяна. Выяўлены наканечнікі стрэл — сведчанне таго, што гарадзішча згарэла ў выніку ўзброенага канфлікту.
Выяўленыя ў пажарным слоі артэфакты дазваляюць папярэдне датаваць гэтыя падзеі эпохай Вялікага перасялення народаў, а менавіта перыядам ад IV стагоддзя да першай паловы V стагоддзя.
Таксама вядуцца раскопкі на неўмацаваным паселішчы ля падножжа гарадзішча. Знойдзены шматлікія прадметы, якія характарызуюць матэрыяльную культуру таго часу: прылады працы з жалеза і гліны, дэталі адзення, вырабы з косткі, керамічныя пасудзіны.
Даследаванне дапаможа лепш даведацца пра тое, як жылі людзі ў I тысячагоддзі нашай эры, і атрымаць новыя звесткі пра рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі. Экспедыцыя ў Рэчках працягнецца да 28 ліпеня. Выяўленыя артэфакты пройдуць дадатковае вывучэнне ў БДУ, а затым папоўняць выставачную экспазіцыю.