Егіпет уводзіць электронныя візы
- 22.07.2026, 11:47
Гэта закране і беларусаў.
З 1 жніўня ў Егіпце плануюць у тэставым рэжыме ўвесці лічбавыя візы. Пакуль яны будуць дзейнічаць толькі ў аэрапорце Каіра, але ў будучыні павінны з’явіцца і ў іншых пунктах. Пра гэта паведаміў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.
Папяровых налепак у пашпартах не будзе. Замест іх турысты будуць атрымліваць QR-код для прад’яўлення на пашпартным кантролі. Варыянтаў, як яго аформіць, тры: на афіцыйным сайце, праз мабільны дадатак і ў аўтаматах самаабслугоўвання ў залах прыбыцця. Ёсць нюанс: аплаціць візу наяўнымі будзе нельга, толькі банкаўскай карткай. Аформіць QR-код ад імя турыста змогуць і турафірмы за 48 гадзін да прыбыцця.
На дадзены момант кошт візы — $30.
Нагадаем, што для наведвання Сінайскага паўвострава (там знаходзіцца курорт Шарм-эль-Шэйх) на тэрмін да 15 дзён віза не патрэбная — ўязны штамп у пашпарт ставяць бясплатна. На яго і ў будучыні лічбавая сістэма распаўсюджвацца не будзе.
У Хургадзе візы пакуль будуць афармляць па старых правілах. Распаўсюдзіць новую сістэму на большую частку краіны плануюць толькі пасля тэставага перыяду ў Каіры.