BE RU EN

Навукоўцы высветлілі, дзе трэба шукаць іншапланецян

  • 22.07.2026, 12:30

Пазаземнае жыццё можа існаваць толькі на планетах, якія не меншыя за Марс па памеры.

Навукоўцы працягваюць пошукі патэнцыйнага пазаземнага жыцця на прасторах нашай галактыкі. Цяпер з’явілася магчымасць звузіць кола пошуку: даследчыкі вызначылі, на якіх планетах пазаземнае жыццё не зможа ўзнікнуць і існаваць. Гэта камяністыя светы, што меншыя за Марс. Даследаванне апублікавана ў часопісе The Planetary Science Journal, паведамляе Space.

Каб камяністая планета, якая круціцца вакол зоркі, падобнай да Сонца, магла лічыцца прыдатнай для жыцця, яна павінна знаходзіцца ў зоне насяляльнасці зоркі і мець атмасферу.

Зона насяляльнасці — гэта вобласць вакол зоркі, дзе тэмпература прыдатная для існавання вадкай вады на паверхні планеты. Вада — крыніца жыцця ў тым выглядзе, у якім мы яе ведаем. Але для жыцця патрэбная яшчэ і атмасфера.

Навукоўцы правялі мадэляванне, каб высветліць, наколькі малой можа быць камяністая планета, каб утрымліваць атмасферу дастаткова доўга для ўзнікнення жыцця, то бок прынамсі некалькі мільярдаў гадоў. Высветлілася, што памер такога свету павінен быць прыкладна як у Марса.

Калі дакладней, мадэляванне паказала, што вельмі доўга захоўваць сваю атмасферу могуць камяністыя планеты, памер якіх складае каля 80% ад памеру Зямлі. Хоць таксама існуе магчымасць, што гэта могуць зрабіць светы з памерам у 60% ад памеру нашай планеты. Менавіта на такіх планетах, лічаць навукоўцы, варта шукаць прыкметы пазаземнага жыцця.

Навукоўцы стварылі мадэлі планет, падобных да Зямлі, з тым самым хімічным складам і ўнутранай будовай, але рознага памеру. Мадэль паказала, якія планеты могуць цалкам страціць сваю атмасферу цягам мільярдаў гадоў, а якія могуць яе папаўняць нават пры яе страце. Прасцей кажучы, выпраменьванне зорак можа знішчаць атмасферы планет, але вулканічныя працэсы могуць выкідваць газы, якія зноў яе аднаўляюць.

Менавіта дзякуючы гэтай мадэлі навукоўцы высветлілі, што, калі планета мае менш за 0,8 радыуса Зямлі, атмасфера знікае хутчэй, чым аднаўляецца. Гэта адбываецца таму, што ў меншых планет слабейшая гравітацыя і слабейшае магнітнае поле. Таксама такія планеты маюць менш магутныя вулканічныя працэсы. Акрамя таго, мадэль паказала, што пры пэўных умовах нават планеты, якія маюць 0,6 радыуса Зямлі, здольныя падтрымліваць стабільную атмасферу, але шанцаў на гэта менш.

Апошнія навіны