Якія вынікі дзяржаўнай праграмы ЭКА за пяць гадоў
- 22.07.2026, 12:58
Інфармацыя з закрытага дакумента Мінздароўя.
З 2021 года з бюджэту выдзелілі 27,8 мільёна рублёў на працэдуру экстракарпаральнага апладнення. За гэты час магчымасцю бясплатна зрабіць ЭКА скарысталіся 7404 разы, гаворыцца ў закрытай справаздачы Мінздароўя за 2025 год. Дакумент атрымала «Зеркало».
Калегія Мінздароўя ў сакавіку 2026-га падвяла вынікі мінулага года. Як адзначаецца ў дакуменце, толькі летась правялі 1309 цыклаў экстракарпаральнага апладнення за кошт бюджэту і выдзелілі на гэта 5,9 мільёна рублёў. У выніку 551 жанчына зацяжарала, то бок эфектыўнасць працэдуры склала 42,1%.
Усяго летась 578 беларусак сталі маці дзякуючы ЭКА (частка зацяжарала яшчэ ў 2024-м), у іх нарадзілася 661 дзіця. Пры такім спосабе апладнення шматплодная цяжарнасць не рэдкасць — толькі ў 2025-м такіх выпадкаў было 40.
За пяць гадоў на бясплатныя спробы ЭКА выдзелілі 27,8 мільёна рублёў (так пазначана ў дакуменце Мінздароўя, але паводле нашага пераліку атрымалася 28,7):
2021 год — 5,5 млн рублёў,
2022 год — 6,5 млн рублёў,
2023 год — 4,9 млн рублёў,
2024 год — 5,9 млн рублёў.
За гэтыя гады лекары правялі 7404 цыклы ЭКА. Зацяжараць удалося толькі 40% жанчын (гэта 2975 беларусак). На жаль, відаць, стаць маці змаглі не ўсе: за пяць гадоў з дапамогай ЭКА нарадзілася 2528 дзяцей.
Пры гэтым паказчык, які называе Мінздароўя, даволі высокі. Згодна з данымі Еўрапейскага таварыства рэпрадукцыі чалавека і эмбрыялогіі (ESHRE), частата настання цяжарнасці пасля ЭКА ў Еўропе звычайна складае каля 30–40% у залежнасці ад узросту пацыентак і стадыі развіцця эмбрыёна.
Акрамя таго, у дакуменце падкрэсліваецца, што ў 2025 годзе медыкі здолелі стрымаць каэфіцыент немаўлячай смяротнасці — ён склаў 2,4 на 1000 народжаных жывымі. Пры гэтым максімальны паказчык, які лічылі дапушчальным, — не вышэй за 3,0. Значна ніжэй за ўстаноўленую мяжу быў і паказчык дзіцячай смяротнасці — 20,3 на 100 000 дзяцей да 17 гадоў (пры мэце — не вышэй за 30,0). Аднак на агульныя лічбы нараджальнасці гэта не паўплывала: колькасць дзяцей, што з'явіліся на свет у 2025 годзе, скарацілася на 7,6% у параўнанні з 2024-м.