Андрэй Войніч: Турма ў Беларусі — гэта мініяцюра дзяржавы
- 22.07.2026, 14:49
Сістэма кіравання, іерархія — усё адзін у адзін.
На некаторых прадпрыемствах Беларусі заробак не павышалі ўжо дзевяць гадоў. А замест гэтага работнікаў прымушаюць наведваць прапагандысцкія лекцыі і слухаць гістарычныя міфы. Пра гэта распавёў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і былы палітвязень Андрэй Войніч.
«Сёння я хачу расказаць, чаму Рэспубліка Беларусь з'яўляецца, па сутнасці, канцлагерам, — кажа ён у відэароліку, апублікаваным у сацсетцы «Фэйсбук». — Насамрэч я магу параўнаць гэта з лагерам або з турмой, бо лагер або турма ў Беларусі — гэта мініяцюра дзяржавы. Сістэма кіравання, іерархія — усё адзін у адзін.
Мне даволі часта пішуць з розных прадпрыемстваў, школ, бальніц. І распавядаюць пра тое, што, напрыклад, супрацоўнікаў вельмі дасталі лекцыі.
Работнікаў рэгулярна збіраюць, адцягваюць ад працы і чытаюць ім лекцыі.
Цікава, што лекцыі, якія чытаюць зняволеным у беларускіх лагерах, ідэнтычныя тым лекцыям, якія распавядаюць звычайным людзям, што знаходзяцца на волі. Яны — на тэмы генацыду беларускага народа з боку немцаў, увогуле Другой сусветнай вайны, дакладней яе часткі пад назвай Вялікая Айчынная вайна, фашызму, Бандэры.
Людзі пішуць, што гэта ўжо настолькі дастала, што проста немагчыма, на працу хадзіць не хочацца.
Не прыйшоў на лекцыю — пазбаўляюць прэміі. Канкрэтна на БМЗ такая сітуацыя.
Ідэолагі зарабляюць у тры–чатыры разы больш, чым звычайныя супрацоўнікі ў той жа бальніцы.
І гэтыя ідэолагі распавядаюць пра тое, як беларусы добра жывуць у краіне, дзе ёсць Лукашэнка. Пры тым, што тым самым беларусам заробак у рэальнасці не падымалі ўжо некалькі гадоў.
Вось канкрэтная лічба. Не буду называць прадпрыемства, каб чалавека не спаліць. Дзевяць гадоў не павышалі заробак. Дзевяць гадоў. Цэны за гэты час вельмі моцна выраслі».