BE RU EN

Навукоўцы вызначылі максімальную працягласць жыцця чалавека

  • 22.07.2026, 14:56

Лічба можа здзівіць.

Даследаванне паказвае, што нават калі навукоўцам удасца пераадолець усе аспекты старэння, людзі ўсё роўна не змогуць жыць вечна. Выпадковыя мутацыі ДНК будуць працягваць назапашвацца ў нашых клетках да таго часу, пакуль арганізм больш не зможа функцыянаваць.

Тым не менш, навукоўцы вызначылі мяжу працягласці жыцця чалавека, і яна прыблізна ўдвая вышэйшая, чым сярэдняя працягласць жыцця людзей цяпер. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе npj Aging, паведамляе ScienceAlert.

З узростам рызыка развіцця пэўных хвароб значна ўзрастае. Аднымі з самых распаўсюджаных хвароб, якія становяцца прычынай смерці сярод пажылых людзей, з'яўляюцца рак, хваробы сэрца і дэмэнцыя. Але працэс старэння суправаджаецца не толькі павелічэннем колькасці хвароб.

На працягу жыцця ДНК чалавека паступова назапашвае выпадковыя мутацыі. Калі клеткі дзяляцца, узнікаюць невялікія памылкі ў ДНК. У асноўным арганізм чалавека добра выпраўляе гэтыя памылкі, але не заўсёды. З цягам часу гэтыя мутацыі назапашваюцца. Хоць большасць такіх мутацый не шкодзіць арганізму, некаторыя з іх могуць спрыяць развіццю такіх хвароб, як рак.

Новае даследаванне паказвае, што нават калі б рак і ўсе іншыя хваробы, што ўзнікаюць у пажылым узросце, атрымалася прадухіліць, мутацыі ўсё роўна працягваюць назапашвацца. А значыць, функцыянаванне клетак пагаршаецца.

Таму, нават калі навукоўцам удасца пераадолець усе аспекты старэння, людзі ўсё адно не змогуць жыць вечна, і існуе мяжа працягласці іх жыцця.

Навукоўцы стварылі матэматычную мадэль, якая колькасна ацэньвала ўплыў хуткасці мутацый ДНК на асноўныя органы чалавека і выкарысталі гэту інфармацыю для разліку працягласці жыцця чалавека, які не мае хвароб, што ўзнікаюць з узростам.

Мадэляванне паказала, што нават пры спрыяльных абставінах, калі ёсць толькі назапашаныя мутацыі ДНК, людзі могуць пражыць, паводле найбольш аптымістычных ацэнак, ад 146 да 194 гадоў. Гэта прыкладна ўдвая больш, чым сярэдняя працягласць жыцця людзей цяпер, якая складае 79 гадоў.

Тэарэтычна некаторыя людзі маглі б пражыць крыху больш за 194 гады, але ніхто не будзе жыць вечна, лічаць навукоўцы. Мутацыі прывядуць да таго, што арганізм урэшце перастане функцыянаваць, нават калі чалавек будзе абсалютна здаровы.

Навукоўцы таксама высветлілі, што некаторыя клеткі нашага арганізма больш устойлівыя да мутацый, чым іншыя. Ідзе гаворка пра клеткі тканак скуры і печані, якія могуць значна даўжэй замяняць пашкоджаныя клеткі новымі, больш здаровымі клеткамі. Найгорш супрацьдзейнічаюць мутацыям, як паказала даследаванне, клеткі сэрца і мозгу. Менавіта гэтыя клеткі накладваюць самыя строгія абмежаванні на працягласць жыцця чалавека.

Апошнія навіны