«Не хацела б жыць, дзе магчымасць нешта купіць — чакаць аўталаўку»
- 22.07.2026, 18:07
Беларусы адказалі на «лайфхакі» Качанавай, як захаваць вёскі.
Наталля Качанава задалася пытаннем, як захаваць вёскі. Яна ўпэўненая, што ўтрымаць моладзь і кваліфікаваныя кадры на месцах можна, калі палепшыць інфраструктуру. «Зеркало» спытала беларусаў, што яны пра гэта думаюць і на якіх умовах былі б гатовыя жыць у сельскай мясцовасці або невялікіх райцэнтрах.
Што заявіла чыноўніца
Старшыня «савета рэспублікі» Наталля Качанава занепакоілася тым, як захаваць вёскі. І на першае месца сярод усіх пытанняў яна паставіла інфраструктуру.
«Каб моладзь і кваліфікаваныя кадры заставаліся на месцах, трэба аператыўна вырашаць пытанні інфраструктуры. Ідзе гаворка пра якасны рамонт дарог, бесперабойнае забеспячэнне электраэнергіяй і стварэнне камфортнага асяроддзя. Акрамя таго, Браслаўскі край валодае ўнікальным турыстычным патэнцыялам. Пры належным інфармацыйным прасоўванні і стварэнні правільных умоў рэгіён здольны прыцягнуць яшчэ больш суайчыннікаў і інвестараў, што дасць магутны імпульс лакальнай эканоміцы», — заявіла чыноўніца.
«Калі мы хочам, каб людзі заставаліся тут і жылі, трэба будаваць жыллё», — заявіла Наталля Качанава. Пры гэтым яна дадала, што комплекснае развіццё тэрыторый немагчыма без узмацнення мясцовай будаўнічай галіны, стварэння новых працоўных месцаў і прыцягнення інвестараў у вытворчую сферу раённых цэнтраў.
Што кажуць беларусы
Валянціна (усе імёны ў тэксце змененыя) лічыць, што каб спыніць выміранне вёсак у Беларусі, іх інфраструктуру трэба зрабіць нямецкай:
— Зрабіць усе даброты даступнымі для жыхароў: пабудаваць сетку аўтабанаў без абмежавання хуткасці, супермаркеты і кінатэатры ў кожнай вёсцы, больш школ і паліклінік, школьныя аўтобусы для хутароў, субсідзіраваць кафэ і рэстараны, каб матываваць малы бізнес адкрывацца на перыферыі. Падняць пенсіі, каб кожны пенсіянер мог купіць машыну і за гадзіну дабрацца да вялікага горада. Толькі з бягучым узроўнем эканомікі ў Беларусі гэта нерэалізавальна нават у бліжэйшыя 50 гадоў.
Ганна таксама лічыць, што еўрапейскія населеныя пункты могуць стаць прыкладам для Беларусі:
— Я бачыла, як жывуць у вёсках у Еўропе. І розніца сумная. Там многія сёлы, калі яны недалёка ад горада, — гэта самыя прэстыжныя месцы для жыцця. А ў нас гэта нешта выміраючае з мінулага стагоддзя, дзе ні самі людзі, ні ўлады не бачаць будучыні, — кажа яна. — Я не хацела б жыць там, дзе адзіная магчымасць нешта купіць — гэта чакаць аўталаўку раз на тыдзень. Я хачу, каб там былі кафэ, крама, хаця б адна невялікая сямейная вытворчасць, супольнасць, актыўнасці. Каб там жылі дзеці з сем’ямі, то-бок каб былі садок і школа — і пры іх яшчэ гурткі. Каб адукацыя там была не горшая, чым у горадзе. Ну і важны транспарт, які хутка і зручна давязе цябе на працу ў горад.
«Вёскі выміраюць. Пакуль не будзе высокіх заробкаў — нічога не будзе. Але без прыватнай уласнасці, развіцця фермераў — толькі пустэча ды галеча. Вёскі ператвараюцца ў дачы каля вялікіх гарадоў. Дзяцей зусім няма, з’язджаюць апошнія», — лічыць Паліна.
«Каб быў дзіцячы садок, школа, бальніца, аптэка, крамы з прадуктамі і прамтаварамі, кафэ або рэстараны, фотастудыя», — напісаў Андрэй.