На свабоду выйшаў адвакат Аляксандр Данілевіч
- 22.07.2026, 18:26
У лютым 2022 года ён выступіў супраць вайны ва Украіне.
На свабоду выйшаў палітзняволены, адвакат Аляксандр Данілевіч. Фатаграфію з цэнтра Мінска ён апублікаваў у сябе ў Facebook.
«Я дома», — каротка падпісаў фатаграфію Данілевіч.
Як піша праваабарончы цэнтр «Вясна», «ён выйшаў раней тэрміну, але ці па памілаванні — пакуль невядома».
Аляксандр Данілевіч — кандыдат юрыдычных навук, адвакат, былы выкладчык факультэта міжнародных адносін БДУ і дацэнт кафедры міжнароднага права.
У лютым 2022 года ён падпісаў адкрыты зварот адвакатаў і юрыстаў за спыненне вайны ва Украіне. У ВНУ яго прасілі адклікаць подпіс, а пасля адмовы гэта зрабіць з ім не падоўжылі кантракт. А 21 мая адваката затрымалі і адправілі ў СІЗА КДБ, піша «Зеркало».
У красавіку 2023 года суд асудзіў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў аб садзейнічанні заклікам да санкцый і спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці.
11 ліпеня 2023 года ў закрытым судовым пасяджэнні ў Вярхоўным судзе разглядалася апеляцыйная скарга палітзняволенага. У выніку Данілевічу скарацілі тэрмін да шасці гадоў пазбаўлення волі.