РФ забараніла начное суднаходства ў Наварасійску
- 22.07.2026, 20:29
З-за атакаў украінскіх беспілотнікаў.
Расія ўвяла часовую забарону на заход і выхад суднаў з порта Наварасійска ў Краснадарскім краі з 00:00 да 05:00 з-за атакаў украінскіх беспілотнікаў. Пра гэта ў сераду, 22 ліпеня, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў збожжавай галіне.
Суразмоўцы паведамілі, што распараджэнне было вусным і што афіцыйны дакумент грузаадпраўнікам не накіроўвалі. Паводле крыніц, порт працуе ў звычайным рэжыме, за выключэннем начных гадзін; адгрузка збожжа не пацярпела.
Міністэрства транспарту РФ і адміністрацыя порта не адказалі на запыт аб каментары.
Наварасійск — найбуйнейшы порт Расіі па аб'ёмах грузазвароту; праз яго праходзіць да траціны расійскага экспарту збожжа.
РФ прыпыніла суднаходства праз Керчанскую пратоку і па Азова-Данскім канале пасля удараў Узброеных сіл Украіны па танкерах у Азоўскім моры, пісала Reuters 11 ліпеня.
Мінтранс РФ у загадзе ад 17 ліпеня забараніў стаянку суднаў на якарных стаянках у месцах, не абароненых супрацьпаветранай абаронай (СПА), каля марскіх партоў Азоў у Азоўскім моры і Каўказ у Керчанскай пратоке.
Наварасійск — верагодны пункт прызначэння для збожжа, прызначанага на экспарт і перанакіраванага з Азоўскага мора. Там таксама адгружаюць нафту, металы і кантэйнерныя грузы.
Ф'ючэрсы на пшаніцу на біржы Euronext з пастаўкай у верасні выраслі на 4,5% на фоне навін пра начны рэжым.