BE RU EN

Каля Камянецкай вежы ўсталявалі вялізны кашалёк з пяцірублёвай купюрай

  • 22.07.2026, 21:14

Фотафакт.

Каля Камянецкай вежы з’явілася новая арт-кампазіцыя «Гістарычны кашалёк». Яе стварылі ў выглядзе вялікага партманэ з купюрай наміналам у 5 рублёў, якая высоўваецца знутры, а таксама з манетамі, што нібыта высыпаліся з гэтага кашалька. Вышыня аб’екта складае 2,5 метра, піша Blizko.by.

Гэта адзін з падарункаў гораду да 750‑годдзя Камянца. Да такой ідэі падштурхнула назіранне, што турысты часта фатаграфуюцца каля Камянецкай вежы з пяцірублёвай купюрай, на якой з аднаго боку выяўлена гэта гістарычнае збудаванне.

Цяпер у гасцей горада з’явілася магчымасць зрабіць фота ўжо з вялікай пяцірублёвай купюрай.

Асноўныя мерапрыемствы з нагоды 750‑годдзя Камянца пройдуць 25 ліпеня. На стадыёне «Колос» адбудзецца футбольны матч з удзелам зорак беларускага футбола і каманды зорак Брэста, а па ўсім горадзе будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі.

Каля сцен вежы наведвальнікаў пазнаёмяць з эпохай Сярэднявечча: там выступяць рыцарскі клуб, ансамбль гусляроў і аркестр сярэднявечнай музыкі. Таксама будуць арганізаваныя выстава дасягненняў Камянецкага раёна, гарадок майстроў, кірмашы рамёстваў, фуд-корты, выстава ваеннай тэхнікі і дзіцячыя забаўляльныя зоны.

Святочная праграма на галоўнай сцэне пачнецца а 14:00 тэатралізаванай гістарычнай рэканструкцыяй. Пасля адбудуцца ўрачыстая цырымонія, канцэрт, праекцыйнае шоу на сценах вежы, феерверк і дыскатэка.

Юбілейная праграма завершыцца 26 ліпеня сямейным футбольным святам «Тата, мама, я — футбольная сям’я», якое арганізуе Беларуская федэрацыя футбола.

Апошнія навіны