У Кіраве «Фламінга» паразілі завод па вытворчасці ракет для арміі РФ
- 24.07.2026, 9:59
Новыя падрабязнасці ўдару.
У расійскім Кіраве пасля ракетнай атакі гарыць завод па вытворчасці зенітных ракет для арміі РФ, ён знаходзіцца больш як за 1000 км ад мяжы з Украінай.
Як піша Astra, раніцай 24 ліпеня жыхары Кірава паведамілі пра выбухі і пажар. Пазней стала вядома, што мэтаю атакі стала Вяцкае машынабудаўнічае прадпрыемства «АВИТЕК».
Прадпрыемства выпускае прадукцыю ваеннага, двайнога і грамадзянскага прызначэння, у тым ліку сродкі супрацьпаветранай абароны, а таксама авіяцыйныя камплектуючыя. Пры гэтым завод мае поўны вытворчы цыкл — ад ліцейнай і кавальска-прэсавай вытворчасці да канчатковай зборкі і выпрабаванняў вырабаў.
Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, завод спецыялізуецца на вытворчасці зенітных кіраваных ракет класа «зямля-паветра», ракет-мэтаў, катапультных крэслаў для ратавання пілотаў, авіяцыйных грузапад'ёмных сістэм і лябёдак і таму падобнага. Прадпрыемства прыцягнута да кааперацыі па вытворчасці зенітна-ракетных комплексаў «Тор». Завод знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Украіны і іншых краін.
Са-заснавальнік Fire Point Дзяніс Штылерман апублікаваў відэа з запускам ракеты. Ніякага подпісу пад відэа няма, акрамя смайліка. Аднак аналітыкі мяркуюць, што менавіта гэта ракета ўдарыла па заводзе «АВИТЕК» у Кіраве.
Пазней у кампаніі Fire Point афіцыйна пацвердзілі ўдар па заводзе.
«У Кіраве ракета FP-5 «Фламінга» паразіла машынабудаўнічае прадпрыемства «АВИТЕК», якое ўваходзіць у канцэрн ПКО «Алмаз-Антэй». АВИТЕК прымае ўдзел у вытворчасці ЗРК «Тор», крылатых ракет Х-101 і Х-59М2/Х-59М2А, пастаўляючы кампаненты для іх рухавікоў. Акрамя таго, завод ажыццяўляе вытворчасць, рамонт і мадэрнізацыю катапультных крэслаў К-36ДМ для знішчальнікаў Су-34 і Су-57», — гаворыцца ў паведамленні.
У каментарах адзначаюць, што завод у Кіраве размешчаны прыкладна ў 1100 км ад мяжы з Украінай па прамой. Гэта прыкладна на 200 км бліжэй, чым рэкордны па далёкасці ўдар ракеты FP-5 «Фламінга» па Воткінскаму ракетнаму заводу.