Людзі могуць навучыцца эхалакацыі за 10 тыдняў
- 24.07.2026, 13:44
Трэніроўкі змяняюць працу мозгу.
Людзі могуць авалодаць эхалакацыяй усяго за 10 тыдняў трэніровак. Даследаванне паказала, што пасля навучання мозг пачынае інакш апрацоўваць гукавыя сігналы, прычым такія змены адбываюцца як у невідушчых, так і ў відушчых людзей, піша New Voice.
Эхалакацыя — гэта спосаб арыентацыі ў прасторы з дапамогай гуку. Чалавек выдае кароткія пстрычкі языком або ротам, а потым аналізуе рэха, каб зразумець, дзе знаходзяцца прадметы. Гэты метад даўно выкарыстоўваюць некаторыя людзі з парушэннямі зроку, але новыя даследаванні паказваюць, што навучыцца гэтаму могуць практычна ўсе.
У межах папярэдняга даследавання вучоныя з Дарэмскага ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі навучалі эхалакацыі 26 удзельнікаў — як невідушчых, так і відушчых. Ужо праз 10 тыдняў усе яны змаглі арыентавацца з дапамогай гукавых пстрычак.
Пазней тая ж група вучоных даследавала, як такое навучанне ўплывае на мозг. З дапамогай сканавання яны прааналізавалі першасную зрокавую кару, якая звычайна адказвае за апрацоўку выяў, а таксама слыхавую кару.
Вынікі паказалі, што зрокавая кара пачала рэагаваць на гукавое рэха нават у відушчых людзей. Аўтары адзначаюць, што ўпершыню ўдалося зафіксаваць функцыянальныя і структурныя змены ў асноўных сэнсарных абласцях мозгу дарослых людзей пасля навучання эхалакацыі.
На думку даследчыкаў, гэта сведчыць пра высокую пластычнасць мозгу. Здольнасць зрокавай кары апрацоўваць інфармацыю іншага тыпу з’яўляецца нармальнай уласцівасцю чалавечага мозгу, а не выключна наступствам страты зроку.
Асобнае даследаванне, апублікаванае ў 2025 годзе, дапамагло лепш зразумець, як эхалакацыя ўплывае на мозг жывёл. Вучоныя параўналі мозг трох дэльфінаў, якія выкарыстоўваюць эхалакацыю, і аднаго вусатага кіта, які не валодае такой здольнасцю.
Нягледзячы на агульнае падабенства будовы, у дэльфінаў была выяўлена значна мацнейшая сувязь з мазжачком. Сучасныя даследаванні паказваюць, што гэтая частка мозгу адказвае не толькі за раўнавагу і рухі, але і дапамагае хутка аб’ядноўваць сэнсарную інфармацыю і прагназаваць падзеі.
Вучоныя лічаць, што далейшыя даследаванні дапамогуць лепш зразумець, як людзі і жывёлы могуць выкарыстоўваць розныя органы пачуццяў для арыентацыі ў прасторы.