Дзве лічбы, якія б’юць па галоўных міфах Лукашэнкі
- Кірыл Іванаў
- 24.07.2026, 17:13
Той выпадак, калі вінаваціць можна толькі сябе.
Лукашэнка прыйшоў да ўлады дзякуючы барацьбе з карупцыяй. Канкрэтней — на хвалі бурнай імітацыі гэтай самай барацьбы.
Яна працягваецца дагэтуль. І чым далей, тым больш карэкатурна выглядае і сам змагар, і вынікі ягоных старанняў. За краты трапляюць былыя міністры і асабістыя ахоўнікі, але чыноўнікі з ліпкімі рукамі ўсё не пераводзяцца.
Вось і апошняя статыстыка паступіла з Вярхоўнага суда: за першыя шэсць месяцаў 2026-га колькасць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га павялічылася на 12,5%.
А яшчэ нязменны кіраўнік тры дзесяцігоддзі ратуе сельскую гаспадарку. Дый так, што нават дэпутаты палаты пачынаюць палохаць адно аднаго прывідам дэфіцыту мяса і малака.
Лукашэнка і кіраўнікоў абласцей мяняе, накіроўваючы міліцэйскіх генералаў змагацца з падзежам жывёлы, і абяцае спусціць скуру з нядбайных кіраўнікоў, адправіць у армію ляніўцаў, але лічбы неўмольныя:
Паводле ўнутранай статыстыкі, толькі за шэсць месяцаў 2026 года ў Беларусі пала 76,6 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Гэта на 2,4 тысячы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Дэпутаты нават спрабуюць фармуляваць прапановы па выхадзе з сітуацыі, выкрываюць спробы прыўпрыгожыць стан спраў.
Але праблема ў тым, што ў гэтай гісторыі вінаваціць можна толькі сябе. І Лукашэнку, які не спяшаецца змяняць заганную сістэму. І яго падначаленым, пазбаўленым адвагі паказаць патрону на відавочнае.
Кірыл Іванаў, «Салідарнасць»