BE RU EN

Пуцін «пусціў пад нож» ключавыя праекты развіцця тэхналогій РФ

  • 24.07.2026, 19:32

Дыктатар РФ спрабуе зэканоміць грошы на вайну.

Праекты «тэхналагічнага лідарства Расіі», якія запусціў Уладзімір Пуцін, абяцаючы дасягнуць «суверэнітэту» ў тэхналогіях, сутыкнуліся з радыкальным скарачэннем фінансавання на фоне праблем федэральнага бюджэту і рэкордных выдаткаў на армію, перадае The Moscow Times.

З 324,4 млрд рублёў, закладзеных у закон аб бюджэце-2025, восем ключавых праектаў Пуціна фактычна атрымалі толькі 201,9 млрд рублёў — то бок на 37,8% менш, падлічылі эксперты Цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання ЦМАКП.

Найбольш радыкальны секвестр перажыў праект касмічных тэхналогій: з запланаваных 10 млрд рублёў ён не атрымаў ані капейкі. Больш чым у чатыры разы — з 52,2 да 11,8 млрд рублёў — былі скарочаныя выдаткі на нацпраект «Сродкі вытворчасці і аўтаматызацыі», у межах якога планавалася вытворчасць айчынных станкоў і робатаў з мэтай увайсці ў топ-25 краін па робатызацыі прамысловасці.

Амаль на 40% адносна плана зменшыліся выдаткі на праекты «Новыя матэрыялы і хімія» і «Прамысловая і транспартная мабільнасць». У першым выпадку ў бюджэт закладалі 9,4 млрд рублёў, а выдзелілі 5,7 млрд; у другім — 167,2 млрд пры фактычных выдатках 102,2 млрд.

Выдаткі на распрацоўку лекаў і айчыннага медабсталявання ў межах праекта «Зберажэнне здароўя» скараціліся на 15,1% — з 5,7 да 4,8 млрд рублёў; на праект «Харчовая бяспека» — на 6,8%, з 14,6 да 13,6 млрд рублёў; на праект «Новыя атамныя і энергетычныя тэхналогіі» — на 5,1%, з 30,1 да 28,6 млрд рублёў.

Адзіным тэхналагічным нацпраектам, які атрымаў поўнае фінансаванне і нават крыху больш за план, стала развіццё беспілотнікаў: на яго закладалі 32,7 млрд рублёў, а патрацілі 35,7 млрд.

Скарачэнне звязана як з непадрыхтаванасцю саміх праектаў (напрыклад, у грамадзянскай авіяцыі), так і з недаатрыманнем даходаў, пішуць эксперты ЦМАКП. Хаця летась урад павысіў падатак на прыбытак, утыльзбор і ўвёў дыферэнцыраваную шкалу НДФЛ, зборы ў бюджэт аказаліся на 3 трлн рублёў ніжэй за план, а дэфіцыт дасягнуў 5,6 трлн рублёў. Пры гэтым «захаваўся высокі ўзровень выдаткаў на фінансаванне абаронных напрамкаў», падкрэслівае ЦМАКП: 13,5 трлн рублёў, згодна з законам аб бюджэце.

Сёлета праблемы бюджэту «ўзмацніліся», гаворыцца ў дакладзе цэнтра. Нягледзячы на павышэнне ПДВ, за першую палову года ён атрымаў 5,7 трлн рублёў дэфіцыту. Пры гэтым у першым квартале на вайну сыходзіў кожны другі рубель выдаткаў і дзве трэці сабраных у скарбніцу падаткаў.

«Па выніках выканання федэральнага бюджэту ў 2025 годзе бачна, наколькі ўразлівымі застаюцца складаныя інвестыцыйныя напрамкі пры пераглядзе бюджэтных параметраў», — піша ЦМАКП. Сёлета яны таксама могуць трапіць пад секвестр: паводле дадзеных Bloomberg, Мінфін можа скараціць грамадзянскія артыкулы на 2-3 трлн рублёў, каб аплаціць вайсковыя выдаткі, якія могуць аказацца на 4-5 трлн рублёў вышэй за запланаванае. У закон аб бюджэце-2026 па артыкуле «нацыянальная абарона» закладзена 12,9 трлн рублёў.

Апошнія навіны