Што з тварам, генерал Хрэнін?
- Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»
- 25.07.2026, 9:11
З серыі: адчуйце розніцу.
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка выступіў са дзіўнай ініцыятывай: накіроўваць «у армію і на паўднёвую мяжу» тых, хто дрэнна працуе ў сельскай гаспадарцы і не выконвае працоўную дысцыпліну, асабліва падчас жніва. І чыноўнікаў — таксама. Перафразуючы кінакласіку: «У лес, усіх у лес!».
Зусім незразумела, праўда, якім чынам разгыльдяі ўзмоцняць ахову беларускіх межаў, а тым больш — навошта даваць ім зброю. Але хто ж рызыкне задаць кіраўніку падобнае пытанне.
Чыноўнікі рызыкнулі хіба што перавесці стрэлкі. Не ў спецназ, а на вайсковыя зборы, сказаў міністр абароны Хрэнін. А кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой назваў гэтыя вучэнні «вайскова-выхаваўчымі». Увогуле, армія — як пакаранне.
Пакуль невядома, колькі праштрафіўшыхся работнікаў і чыноўнікаў «ўзмоцняць» такім чынам беларускія войскі.
А ўжо ў верасні—кастрычніку пачнецца чарговы прызыў, указ пра які падпісаў Лукашэнка таксама на гэтым тыдні. Паводле афіцыйных звестак, звычайна ў межах кожнай прызыўной кампаніі на службу накіроўваюць каля 10 тысяч маладых беларусаў — таксама прымусова, бо паводле дзеючых законаў «абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і святы доўг грамадзяніна» (артыкул 57 Канстытуцыі).
Цікава, што ў сярэдзіне ліпеня стала вядома пра прызыў у суседняй Літве. Там у армію гатовы прыняць каля 5 тысяч чалавек (пры насельніцтве краіны утрычы меншым, чым у Беларусі). Але справа не ў гэтым. Сёлета колькасць добраахвотнікаў, якія хочуць служыць, значна большая, чым колькасць месцаў.
8,1 тысячы маладых літоўцаў выклікаліся прайсці абавязковую службу (ад 9 месяцаў), прычым больш за палову — яшчэ да ўключэння іх у спісы прызыўнікоў. Гэта рэкордны паказчык за многія гады. А па заканчэнні абавязковага тэрміну, адзначыў міністр абароны Робертас Каўнас, добраахвотнікі могуць атрымаць выплату каля 9 тысяч еўра.
Што з тварам, генерал Хрэнін?
Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»